Newsroom


  UNDP news in Belarus
  UNDP around the world
  Speeches and Statements
  UN Bulletin
  Photo Gallery


Site search
 

Publications
Годовой отчет о деятельности ПРООН в Беларуси в 2009 году

Regional Newsletter "Development and Transition



Links




RBEC website


  UNDP > UNDP News > in the world

Права чалавека на ваду: стратэгічныя інвэстыцыі і ўзважаная палітыка могуць забясьпечыць найбяднейшае насельніцтва сьвету чыстай вадой

Кемаль Дэрвіш, Адміністратар Праграмы разьвіцьця ААН
Трэвар Мануэль, Міністар фінансаў Паўднёваафрыканскай Рэспублікі

У 1970-х гадох Рымскі клюб ды іншыя арганізацыі папярэджвалі аб надыходзе неўзабаве эпохі вострай нястачы ежы, нафты і іншых прадметаў першай неабходнасьці – відаць, непазьбежных наступствах росту попыту на абмежаваныя рэсурсы.

Апошнім часам мы чуем прагнозы аб непазьбежных «водных войнах» - прадказаньні, якія грунтуюцца на занепакоенасьці, што дзеля задавальненьня патрэбаў насельніцтва Зямлі, якое хутка расьце і ўрбанізуецца, прэснай вады проста ня хопіць.

Гэта зразумелая трывога: сёньня каля 2,6 мільярдаў чалавек ня маюць пастаяннага доступу да чыстай вады для піцьця, купаньня, прыгатаваньня ежы і асноўных санітарных патрэбаў. І наступствы гэтага становішча ўжо жахліва відавочныя: па ацэнках, два мільёны дзяцей штогод паміраюць з-за таго, што ў іх сем’ях няма крыніцаў чыстай пітной вады ці доступу да каналізацыі.

Пры ўсім тым рацыянальны аналіз праблемы паказвае, што няма ніякай аб’ектыўнай прычыны – фінансавай, матэрыяльна-тэхнічнай ці геаграфічнай – па якой нельга было б забясьпечыць бедных дастатковай колькасьцю чыстай вады дзеля задавальненьня іх асноўных чалавечых патрэбаў. Як мы бачым на прыкладзе асноўных зерневых культураў і вуглевадародаў, наяўнасьць важнейшых рэсурсаў і забесьпячэньне імі залежыць ад многіх чыньнікаў. Сярод іх ёсьць часам аб’ектыўна непрадказальныя (такія як зьменлівыя рынкавыя стымулы і тэхналягічныя інавацыі, а таксама зьмененьні ў інвэстыцыйных і стратэгічных плянах дзяржаў). А часам адсутнічае гэткі складнік, як палітычная воля.

9 лістапада 2006 году ў Кэйптаўне Праграма разьвіцьця ААН прадставіла новае дасьледаваньне, якое разьвенчвае многія міты, зьвязаныя з глябальным водным крызысам, у тым ліку міт аб непазьбежнасьці трансмежавых канфліктаў за водныя рэсурсы, дый прапануе мноства практычных рашэньняў.

Галоўны аргумэнт надоечы выпушчанага Дакладу аб чалавечым разьвіцьці за 2006 год («Што хаваецца за нястачай вады: улада, беднасьць і глябальны крызыс водных рэсурсаў») палягае ў тым, што доступ да надзейнай і дасягальнай крыніцы вады варта ўважаць за адно з фундамэнтальных правоў чалавека. Урады могуць і павінны прызнаць гэтае права, забясьпечыўшы ўсім сваім грамадзянам магчымасьць атрымліваць прынамсі дваццаць літраў чыстае вады ў суткі, прычым тых, хто ня дасьць рады за гэта плаціць, неабходна забясьпечваць вадой бясплатна.

Бясспрэчна, у многіх частках плянэты востра стаіць праблема нястачы вады, якую прымнажае глябальнае пацяпленьне. Ці то йдзецца пра ваду, ці то пра шырэйшае пытаньне глябальнага пацяпленьня, праблема палягае не ў наяўнасьці сукупных рэсурсаў, а ў тым, якія прыярытэты ставяць перад сабой палітычныя лідэры як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні.

Адна з Мэтаў разьвіцьця тысячагоддзя – да 2015 году скараціць удвая долю людзей, што ня маюць доступу да чыстай пітной вады. Калі мы ня зробім рашучых крокаў, дык для 234 мільёнаў чалавек гэтая задача ня будзе выкананая да вызначанага тэрміну.

Часьцяком цана на ваду разьлічваецца па памылковым прынцыпе: цана вады атрымліваецца вышэйшай для бяднейшых. Для жыхароў гарадзкіх трушчобаў цана вады – адна з самых высокіх у сьвеце. Бяднейшыя сем’і Сальвадору, Нікарагуа і Ямайкі выдаткоўваюць на ваду больш за дзесяць адсоткаў сваіх даходаў, тады як жыхары Вялікай Брытаніі лічаць рахункі за ваду, якія складаюць больш трох адсоткаў іх бюджэту, сур’ёзнай нагрузкай.

У дыскусіі аб забясьпячэньні насельніцтва вадой занадта часта дамінуюць беспэрспэктыўныя дэбаты пра тое, каму павінны належаць прадпрыемствы, што займаюцца водазабесьпячэньнем – дзяржаве ці прыватнаму бізнэсу. Тут няма неабходнасьці выбіраць, бо існуе шырокі спэктар рацыянальных фінансавых і стратэгічных падыходаў да вырашэньня гэтай праблемы, большасьць зь якіх грунтуецца на тым ці іншым спалучэньні ўдзелу дзяржаўнага і прыватнага сэктараў. Сапраўдны выклік палягае ў тым, як забясьпечыць пітной вадой тых, хто практычна ня ў стане за яе плаціць.

Зазвычай, сем’і, падлучаныя беспасярэдне да камунальных вадаправодаў, атрымліваюць самую танную ваду. Бедным жа, каб купіць ваду, даводзіцца праходзіць праз сетку пасярэднікаў – уладальнікаў аўтацыстэрнаў, прадаўцоў ды іншых пастаўшчыкоў вады. Кожны крок, які яны вымушаныя рабіць, ня маючы наўпростага доступу да крыніцы вады, павялічвае яе цану.

У ПАР ужо існуюць асноўныя стратэгічныя рамкі для вырашэньня гэтай праблемы. За часы апартэіду доступ да вады быў адным з чыньнікаў расавага падзелу. Пасьля падзеньня рэжыму апартэіду, калі пытаньні водазабесьпячэньня былі пастаўленыя на праўную аснову, у грамадзянаў зьявілася ўпэўненасьць у іх законным праве патрабаваць справаздачы ад мясцовых органаў самакіраваньня, прыватных камунальных прадпрыемстваў і нацыянальнага ўрада.

Урад скарыстаўся сваімі рэгулюючымі паўнамоцтвамі і запатрабаваў, каб усе муніцыпалітэты забясьпечвалі кожную хатнюю гаспадарку ў якасьці базавага мінімума 25 літрамі вады ў суткі бясплатна. Пры гэтым ён паставіў мэту арганізаваць да 2008 году бясплатнае базавае водазабесьпячэньне для ўсіх і гарантаваць, каб ніводная хатняя гаспадарка не знаходзілася ад крыніцы вады далей, чым за 200 мэтраў. Гэтая задача яшчэ цалкам ня вырашаная, але грамадзяне ПАР справядліва чакаюць ад урада выкананьня яго абяцаньняў.

І аддаленыя правінцыйныя мястэчкі, і нованароджаныя мэгаполісы разьвіванага сьвету маюць патрэбу ў сур’ёзных інвэстыцыях у сыстэмы водазабесьпячэньня. Патрабуюцца вялікія выдаткі, і ў многіх выпадках абыйсьціся без фінансавай дапамогі будзе немагчыма. Аднак канчатковы кошт адмовы ад укладаньня сродкаў у забесьпячэньне насельніцтва чыстай вадой, якая выражаецца ў выдатках на ахову здароўя, у падзеньні прадукцыйнасьці працы і, у канчатковым выніку, у чалавечых жыцьцях, нашмат пераважае неабходныя сёньня капіталаўкладаньні.

Разьвіваныя прамысловыя цэнтры дзевятнаццатага стагоддзя стаялі перад такой самай праблемай. Узровень дзіцячай сьмяротнасьці ў Нью-Ёрку і Лёндане быў параўнальны з тым, што мы назіраем сёньня ў разьвіваных краінах – і па тых жа асноўных прычынах. Гэтыя гарады ўклалі значныя сродкі ў камунальныя сыстэмы водазабесьпячэньня, што дазволіла хутка абмежаваць распаўсюджаньне страўнікава-кішэчных захворваньняў, стварыла аснову для эканамічнага росту і падвышэньня якасьці жыцьця. Усё гэта можна зрабіць.

У Дакладзе аб чалавечым разьвіцьці за 2006 год утрымліваецца заклік да ўсіх разьвіваных краінаў распрацаваць нацыянальныя пляны па прысьпешваньні тэмпаў разьвіцьця сыстэмаў водазабесьпячэньня і каналізацыі, вылучыць на гэтыя амбітныя мэты прынамсі адзін адсотак ВУП і падрыхтаваць выразныя стратэгіі пераадоленьня няроўнасьці. У цяперашні час дзяржаўныя выдаткі на грамадзкае водазабесьпячэньне, зазвычай, менш за 0,5 адсотка ВУП.

Апроч таго, у Дакладе падкрэсьліваецца неабходнасьць распрацоўкі Глябальнага пляну дзеяньняў пад кіраўніцтвам «Вялікай восемкі», які паставіць праблемы водазабесьпячэньня і каналізацыі на прыярытэтнае месца ў сусьветнай праграме разьвіцьця. Аўтары Дакладу настойваюць на неабходнасьці штогадовага вылучэньня дадатковай міжнароднай дапамогі на разьвіцьцё сыстэмаў водазабесьпячэньня і каналізацыі ў памеры 3,4-4 мільярдаў даляраў ЗША – дапамогі, якая патрабавалася ўжо даўно і якая прынясе велізарную карысьць у пляне паляпшэньня стану здароўя насельніцтва, падвышэньня прадукцыйнасьці працы і базавае якасьці жыцьця.

Кожная з васьмі Мэтаў разьвіцьця тысячагоддзя (МРТ) неразрыўна зьвязаная з усімі астатнімі, таму калі мы не дасягнем мэты па водазабесьпячэньні і каналізацыі, дык хутка зьнікне надзея і на дасягненьне астатніх сямі. Мы нясем калектыўную адказнасьць за выкананьне гэтых задачаў. І з практычнага, і з этычнага пункту гледжаньня цяжка ўявіць сабе лепшае ўкладаньне ў здароўе і дабрабыт тых, хто жыве ў беднасьці.

Print version
 
United Nations Development Programme is the UN's global development network, advocating for change and connecting countries to knowledge, experience and resources to help people build a better life.

More

 Topics 
The web page "Global Compact" is available in Russian
More...

 
 
 
United Nations Office in Belarus
17 Kirov Str., Minsk 220050 Tel. +375 (17) 227 48 76
Fax +375 (17) 226 03 40; e-mail

The web site of the United Nations Office in Belarus was awarded the Internet Prize "TIBO-2003"