Прэс-цэнтр


  Навiны ПРААН у Беларусi
  Навiны ПРААН у cвеце
  Анонсы
  Заявы
  Бюлетэнь ААН
  Фота галерэя


Пошук па сайту
 





chernobyl.info

RBEC website

  ПРААН > Навiны > у Беларусi

Японія вылучае 1,5 мільёна даляраў на забесьпячэньне бясьпекі чалавека на беларускіх абшарах, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС

31 студзеня 2008 года - Урад Японіі ўхваліў вылучэньне з Мэтавага фонду ААН па забесьпячэньні бясьпекі чалавека 1 506 230,83 даляра ЗША на фінансаваньне праекту «Забесьпячэньне бясьпечнага пражываньня насельніцтва на абшарох Беларусі, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС». Праект будзе рэалізаваны Прадстаўніцтвам Праграмы разьвіцьця ААН (ПРААН) супольна з Фондам ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) і Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЭФ) у Беларусі.

Асноўнай мэтай праектнай ініцыятывы, разьлічанай на трохгадовы пэрыяд, зьяўляецца забесьпячэньне бясьпечнага пражываньня жыхароў пяці раёнаў Беларусі, пацярпелых ад Чарнобыльскай катастрофы: Слаўгарадзкага, Столінскага, Чачэрскага, Брагінскага ды Лунінецкага. У прыватнасьці, мясцоваму насельніцтву будзе аказанае садзейнічаньне ў забесьпячэньні гарантаванага атрыманьня даходаў, мінімізацыі радыеактыўнага апраменьваньня і падтрыманьні здаровага ладу жыцьця. У рамках праекту плянуецца вырашыць наступныя задачы:

• палепшыць умовы дзеля гарантаванага атрыманьня даходаў уладальнікамі прыватных падсобных гаспадарак шляхам наданьня экспэртнай і тэхнічнай дапамогі па ўкараненьні і выкарыстаньні бясьпечных і малавыдаткавых мэтадаў вядзеньня сельскае гаспадаркі, а таксама падвышэньні прадукцыйнасьці і паляпшэньні доступу да рынкаў збыту;

• падвысіць ровень інфармаванасьці насельніцтва аб здаровым ладзе жыцьця, навучыць цяжарных жанчын, матак і іх сем'і правілам бясьпечнага пражываньня на пацярпелых абшарох шляхам правядзеньня нефармальных сустрэчаў і інфармацыйных мерапрыемстваў на базе мясцовых фэльчарска–акушэрскіх пунктаў і амбуляторыяў;

садзейнічаць прафіляктыцы, раньняй дыягностыцы і своечасоваму лячэньню рака малочнай залозы шляхам правядзеньня скрынінгавых мерапрыемстваў ды выяўленьня жанчын, што знаходзяцца пад найбольшай пагрозай захворваньня на рак малочнай залозы, правядзеньня мабільнымі брыгадамі мэдыкаў–прафэсыяналаў мамаграфічных абсьледаваньняў жыхароў аддаленых населеных пунктаў раёнаў, ахопленых праектам, а таксама навучаньня мясцовых мэдычных работнікаў прафіляктычнай рабоце з жанчынамі;

• падвысіць ровень ведаў і ўмельстваў у галіне радыяцыйнай бясьпекі сярод дзяцей і моладзі шляхам стварэньня школьных цэнтраў радыеэкалягічнага інфармаваньня і навучаньня;

• пры дапамозе інфармацыйных мерапрыемстваў, арыентаваных на мясцовае насельніцтва, зьнізіць спажываньне прадуктаў харчаваньня, якія не прайшлі праверку на наяўнасьць радыенуклідаў, збольшага дароў лесу, што найбольш зазналі радыеактыўнае забруджаньне.

— Праект распрацаваны ў супрацы з нацыянальнымі і міжнароднымі партнэрамі, што маюць досьвед падрыхтоўкі, рэалізацыі і фінансаваньня папярэдніх праектаў тэхнічнай дапамогі па рэабілітацыі тэрыторыяў, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, — сказаў в.а. Прадстаўніка ПРААН у Беларусі Леван Буадзэ. — Мяркуецца, што новым праектам будзе ахоплена прынамсі 50 тысячаў жыхароў пяці пацярпелых раёнаў. У выніку рэалізацыі праекту будуць палепшаныя ўмовы пражываньня мясцовага насельніцтва, што ў сваю чаргу стане ўнёскам у комплекснае забесьпячэньне бясьпекі чалавека ў Беларусі.

Панятак «бясьпека чалавека» быў сфармуляваны ў 2003 годзе ў дакладзе «Бясьпека чалавека сёньня», падрыхтаваным Камісіяй па бясьпецы чалавека. Гэты панятак азначае забесьпячэньне абароны фундамэнтальных правоў і свободаў, што складаюць аснову жыцьця чалавека. Дадзеная канцэпцыя мае на ўвазе забесьпячэньне абароны людзей як ад надзвычайных, гэтак і ад шырока распаўсюджаных пагрозаў і сытуацыяў. Яна мае на ўвазе апору на чалавечы патэнцыял і памкненьні, а таксама стварэньне палітычных, сацыяльных, прыродаахоўных, эканамічных і культурных сыстэмаў, якія ў комплексе складаюць аснову для выжываньня ў крытычных сытуацыях і забесьпячэньня дабрабыту і годнага жыцьця людзей.

Да ведама: Мэтавы фонд ААН па забесьпячэньні бясьпекі чалавека быў створаны ў 1999 годзе супольна Ўрадам Японіі і Сакратарыятам ААН у мэтах забесьпячэньня бясьпекі людзей, што апынуліся пад пагрозай зьнішчэньня і пазбаўленьня годнага чалавечага існаваньня. Фонд ажыцьцяўляе фінансаваньне праектаў арганізацыяў сыстэмы ААН. З 1999 году Фондам было вылучана 258 мільёнаў даляраў ЗША на фінансаваньне праектаў у больш чым 65 краінах сьвету. Большая частка сродкаў была накіраваная на вырашэньне праблемаў разьвіцьця, у тым ліку ў гэткіх ключавых сфэрах як ахова здароўя, адукацыя, сельская гаспадарка і разьвіцьцё малой інфраструктуры.

Па дадатковую інфармацыю, калі ласка, зьвяртайцеся да Ганны Літвінавай, Каардынатаркі праектаў ПРААН у Беларусі, па тэлефоне +(375 17) 227–81–49, адрас электроннай пошты: .

Для друку
 
Праграма развіцця ААН (ПРААН) з'яўляецца глабальнай сеткай ААН у галiне развiцця, якая выступае за перамены ў грамадскiм жыццi i пашырае пабудаваць лепшае жыццё.

Далей

 Тэма (па-руску) 
Падрабязней......
Падрабязней......

 
 
 
Прадстаўнiцтва ААН у Беларусi
220050 г. Мiнск, вул. Кiрава 17; тел. +375 (17) 327 48 76
факс +375 (17) 226 03 40; e-mail