![]() |
|
ПРААН > Навiны > у Беларусi У Менскім раёне адбыўся першы навучальны сэмінар па ўстойлівым разьвіцьці Сёньня ў Менскім раёне – у «Алімпійскім спартовым комплексе «Стайкі» – у рамках праекту Эўрапейскага Зьвязу і Праграмы разьвіцьця ААН «Устойлівае разьвіцьцё на мясцовым узроўні» прайшоў сэмінар–трэнінг «Мясцовы парадак дня–21: схема арганізацыі працы і яе тэматычныя блёкі». Гэтая імпрэза паклала пачатак сэрыі з 20 сэмінараў, якія будуць праведзеныя экспэртамі праекту ЭЗ/ПРААН на працягу трох бліжэйшых месяцаў у беларускіх рэгіёнох. Праект «Устойлівае разьвіцьцё на мясцовым узроўні» накіраваны на цеснае супрацоўніцтва ўладаў зь мясцовымі супольнасьцямі на рэгіянальным узроўні. Рэгіёны, зацікаўленыя ў распрацоўцы Мясцовых парадкаў дня–21 (мясцовых стратэгіяў устойлівага разьвіцьця) і стварэньні «Зялёных маршрутаў» (экалягічных турыстычных маршрутаў) раней падалі заяўкі на ўдзел у конкурсе.
Менскі раён быў папярэдне адабраны Конкурснай камісіяй сумеснага праекту ЭЗ/ПРААН у якасьці прыярытэтнай тэрыторыі для распрацоўкі Мясцовага парадку дня–21 і стаў адным з 35 пілётных рэгіёнаў, якія атрымаюць мэтадычную, арганізацыйную, інфармацыйную дапамогу пры распрацоўцы Мясцовага парадку дня–21 і «Зялёных маршрутаў», а таксама фінансавую падтрымку на конкурснай аснове для міні–праектаў у галіне ўстойлівага разьвіцьця. Акрамя таго, пазьней прадугледжаная арганізацыя для пілётных рэгіёнаў шэрагу навучальных паездак па абмене досьведам на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і іншых краінаў. Галоўнай мэтай трэнінгу стала навучаньне ініцыятыўнай групы з прадстаўнікоў мясцовых уладаў і грамадзкасьці Менскага раёна мэтодыцы падрыхтоўкі Мясцовых парадкаў дня–21 і набыцьцё імі ўмельстваў, неабходных для рэалізацыі мясцовых стратэгіяў устойлівага разьвіцьця. Падчас трэнінгу тэматычны каардынатар праекту Алег Белячыц распавёў аб зьмесьце праекту, аб вытоках і прызначэньні стратэгіяў устойлівага разьвіцьця і вызначыў парадак дня трэнінгу: «Сёньня мы жадаем пабачыць «зрэз» мясцовых праблемаў, абмеркаваць шляхі іх разьвязаньня і накрэсьліць плян дзеяньняў на будучыню», — зазначыў Алег Белячыц. Экспэрты праекту Алег Сівагракаў і Валерыя Кліцунова растлумачылі схему работы па стварэньні Мясцовых прадкаў дня–21, вызначылі індыкатары ўстойлівага разьвіцьця, дапамаглі вылучыць асноўныя праблемы і сфармуляваць кірункі разьвіцьця тэрыторыі, далейшыя арыентыры, неабходныя для пасьпяховай падрыхтоўкі Мясцовага парадку дня–21 і распрацоўкі Зялёных маршрутаў. У сваю чаргу в.а. дырэктара спартовага комплексу «Стайкі» Андрэй Трацякоў выступіў з ініцыятывай стварэньня вакол места Менску «зялёнага» турыстычнага маршруту — «Кольца чэмпіёнаў». Мяркуецца, што ў рамках стратэгіі ўстойлівага разьвіцьця Менскага раёна «Кольца чэмпіёнаў» зможа зьвязаць тры самыя буйныя ў Беларусі базы алімпійскай падрыхтоўкі – «Стайкі», «Раўбічы» і «Ратамку». Як чакаецца, зьяўленьне такога маршруту дапаможа прыцягнуць на гэтыя спартовыя аб'екты значную колькасьць турыстаў, што «падштурхне» далейшае разьвіцьцё саміх спартовых базаў ды створыць дадатковыя працоўныя месцы для мясцовага насельніцтва. Па выніках трэнінгу ўсе ўдзельнікі прыйшлі да высновы, што супольныя намаганьні мясцовых уладаў, ініцыятыўных групаў жыхароў раёну, а таксама пэрсаналу і экспэртаў праекту ЭЗ/ПРААН прывядуць да эфэктыўнага вырашэньня «надзённых» праблемаў рэгіёну праз распрацоўку і выкананьне мясцовай стратэгіі ўстойлівага разьвіцьця. Па дадатковую інфармацыю і з праектнымі прапановамі, калі ласка, зьвяртайцеся да тэматычнага каардынатара праекту Алега Белячыца, тэл. 017 267–20–21, або да каардынатара па сувязях з грамадзкасьцю праекту Вячаслава Сьмірнова, тэл. 8 044–799–16–55.
|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| Прадстаўнiцтва ААН у Беларусi 220050 г. Мiнск, вул. Кiрава 17; тел. +375 (17) 227 48 76 факс +375 (17) 226 03 40; e-mail Сайт Прадстаўнiцтва ААН у Беларусi стаў пераможцам Iнтэрнэт-прэмii TIBO-2003 у намiнацыi "Рознае" | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||