![]() |
|
ПРААН > Навiны > у Беларусi Праект ПРААН/ГЭФ дзеліцца досьведам паўторнага забалочваньня
Да асушваньня балота Дакудаўскае зьяўлялася найбуйнейшым масывам нізінных і пераходных балотаў на тэрыторыі Гарадзенскай вобласьці. За пэрыяд з 1957 да 1993 году вялікая частка балота была асушаная і на ёй ажыцьцяўлялася здабыча торфу торфапрадпрыемствам «Лідзкае». За ўвесь час тут было здабыта больш за 31 млн. тонаў торфу, зь якога выраблена 3,5 млн. тонаў брыкету. Пасьля завяршэньня торфараспрацовак тэрыторыя заставалася ў асушаным стане. Паводле дырэктара ГЛХУ «Лідзкі лясгас» Аляксея Панамарцэва, асушаныя пласты торфу выпрацаванага тарфянішча сталі прычынай частых і моцных пажараў, на тушэньне якіх выдаткоўваліся велізарныя сродкі. Вельмі часта дым з тарфянішча цалкам ахутваў прылеглы ўчастак аўтадарогі Мінск–Горадня і частку места Ліда. Выпрацаваныя плошчы Дакудаўскага таксама зьяўляліся крыніцай значных выкідаў вуглякіслага газу ў атмасфэру. Як адзначыў у сваёй прэзэнтацыі навуковы каардынатар праекту ПРААН/ГЭФ Аляксандар Казулін, з аднаго гектара парушаных земляў у атмасфэру выкідвалася каля 20 тонаў CO2. У 2006–2007 гг. у рамках праекту ПРААН/ГЭФ РУП «Белгіправодгас» быў распрацаваны будаўнічы праект, рэалізаваны Лідзкім ПМС. Падрадчыкамі пабудаваная дамба працягласьцю каля аднаго кіламетру і два водарэгулюючыя будынкі, якія дазволілі стабілізаваць узровень вады на ўзроўні 0–1 м на 2,744 га парушанага балота. У выніку праведзеных мерапрыемстваў на плыткіх участках пачала фармавацца тыповая балотная і водная расьліннасьць. Запаўненьне Докудаўскага вадой дазволіла значна скараціць рызыку ўзгараньня торфу. Акрамя таго, узнаўленьне гідралягічнага рэжыму дадатна паўплывала на экатурыстычную прывабнасьць балота. Дзякуючы высокай шчыльнасьці рыбы забалочаная тэрыторыя стала ўлюбёным месцам адпачынку і рыбалкі мясцовых жыхароў. У пэрспэктыве Лідзкім лясгасам сумесна з адмыслоўцамі Акадэміі навук плянуецца распрацаваць экасьцяжыну, наведаўшы якую госьці змогуць азнаёміцца з багатым жывёльным і расьлінным сьветам нізіннага балота. Удзельнікі сэмінара таксама наведалі тэрыторыю парушанага верхавога балота Дакудаўскае, якое разьмешчанае ў межах рэспубліканскага заказьніка «Дакудаўскае». Аднаўленьне балота заплянаванае ў рамках праекту Праграмы малых грантаў ГЭФ «Аднаўленьне парушанага здабычай торфу натуральнага гідралягічнага рэжыму заказьніка «Дакудаўскі» для перадухіленьня тарфяных пажараў і захаваньня біялягічнай разнастайнасьці найбуйнейшага ў Гарадзенскай вобласьці верхавога балота». Мерапрыемствамі прадугледжанае ўзнаўленьне гідралягічнага рэжыму на самых пацярпелых участках балота: паўночнай і заходняй пляцоўках, якія мяжуюць зь дзейснымі палямі торфаздабычы і на ўсходняй пляцоўцы, што прымыкае да закінутага ўчастка, дзе праводзілася здабыча торфу для вытворчасьці сельскагаспадарчых угнаеньняў. Для гэтага тут будуць пабудаваныя 26 перамычак і гаць з ахоўным экранам з поліэтылену. Падчас будаўніцтваў будзе выкарыстаны практычны досьвед праекту ПРААН/ГЭФ па ўзнаўленьні тарфянішчаў, у рамках якога аналягічная гаць была пабудаваная ў 2008 годзе на балоце Морачна ў Столінскім раёне Берасьцейскай вобласьці. Па дадатковую інфармацыю просьба зьвяртацца да Аляксея Чыстадарскага, супрацоўніка па інфармацыі праектаў ПРААН/ГЭФ, тэл. у Менску: (017) 294–90–69, электронная пошта: alexei.tchistodarski@undp.by.
|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| Прадстаўнiцтва ААН у Беларусi 220050 г. Мiнск, вул. Кiрава 17; тел. +375 (17) 227 48 76 факс +375 (17) 226 03 40; e-mail Сайт Прадстаўнiцтва ААН у Беларусi стаў пераможцам Iнтэрнэт-прэмii TIBO-2003 у намiнацыi "Рознае" | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||