![]() |
|
ПРААН > Навiны > у Беларусi Новы праект «абудзіць» мясцовыя супольнасьці ў чарнобыльскіх рэгіёнох
Новы праект зь бюджэтам больш за 1,5 млн. эўра закліканы садзейнічаць актывізацыі мясцовых супольнасьцяў у рэгіёнох, пацярпелых ад Чарнобыльскай катастрофы, аказваць ім практычную дапамогу ў распрацоўцы і рэалізацыі праектных ініцыятываў, накіраваных на рашэньне пэўных сацыяльна–эканамічных праблемаў паселішчаў і ўсяго рэгіёну. Падчас рэалізацыі праекту, разьлічанага на 30 месяцаў, будуць абраныя прынамсі пяць канкрэтных супольнасьцяў (паселішчаў) у кожным з шасьці мэтавых раёнаў, якія будуць уключаныя ў праектныя мерапрыемствы. Цяпер у якасьці такіх раёнаў вызначаныя Веткаўскі, Буда–Кашалёўскі, Хойніцкі і Жыткавіцкі, а да канца рэалізацыі праекту будуць абраныя яшчэ два раёны з Гомельскай і Магілеўскай абласьцей. – Чарнобыльская праблематыка вельмі шырокая, – сказала, зьвяртаючыся да ўдзельнікаў уступнага сэмінару, начальнік сэктара міжнародных праектаў упраўленьня міжнароднага супрацоўніцтва МНС Беларусі Сьвятлана Машчынская. – Таму ініцыятыва ЭЗ/ПРААН дазваляе ўносіць любыя варыянты праектных прапановаў, прыкладам, мерапрыемствы па папярэджаньні і інфармаваньні, працу зь дзецьмі і моладзьдзю. Мы ў сваю чаргу будзем навучаць правілам падрыхтоўкі праектных заявак. Атрымальнікамі міжнароднай тэхнічнай дапамогі ў рамках праекту стануць Гомельскі аблвыканкам, выканаўчыя камітэты мэтавых раёнаў, Рэспубліканскае навукова–дасьледніцкае ўнітарнае прадпрыемства «Інстытут радыялёгіі», КЖУП «Веткаўскае», а таксама Дэпартамэнт па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС МНС Беларусі. – 30 % праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі, якія рэалізуюцца сёньня на тэрыторыі Беларусі, ахопліваюць Гомельскую вобласьць, – заявіў начальнік аддзелу каардынацыі тэхнічнай дапамогі і супрацоўніцтва зь міжнароднымі арганізацыямі Міністэрства эканомікі Ян Бельчык. – Новы праект таксама патрэбны і значны – як для чарнобыльскіх рэгіёнаў, так і для дзяржавы наагул. У выніку ажыцьцяўленьні праекта ў мэтавых раёнох будзе ўкарэнены падыход, які прадугледжвае іх тэрытарыяльна–арыентаванае разьвіцьцё (ТАР). Павялічыцца колькасьць сацыяльных і эканамічных ініцыятываў, распачатых на ўзроўні мясцовых супольнасьцяў і накіраваных на паляпшэньне ўмоваў жыцьця. У прыватнасьці, у кожным з мэтавых раёнаў сумеснымі намаганьнями зацікаўленых бакоў (прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнэсу, донараў, мясцовых уладаў ды інш.) мяркуецца рэалізаваць прынамсі адзін праект, накіраваны на стварэньне новых працоўных месцаў і падвышэньне прыбыткаў для сацыяльна–ўразьлівых групаў насельніцтва. У далейшым досьвед ТАР будзе распаўсюджаны на іншыя раёны Беларусі, пацярпелыя ад Чарнобыля. Па дадатковую інфармацыю, калі ласка, зьвяртайцеся да кіраўніка праекту Андрэя Пінігіна, тэл. (+375 17) 256–14–57.
|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| Прадстаўнiцтва ААН у Беларусi 220050 г. Мiнск, вул. Кiрава 17; тел. +375 (17) 227 48 76 факс +375 (17) 226 03 40; e-mail Сайт Прадстаўнiцтва ААН у Беларусi стаў пераможцам Iнтэрнэт-прэмii TIBO-2003 у намiнацыi "Рознае" | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||