Прэс-цэнтр


  Навiны ПРААН у Беларусi
  Навiны ПРААН у cвеце
  Анонсы
  Заявы
  Бюлетэнь ААН
  Фота галерэя


Пошук па сайту
 





chernobyl.info

RBEC website

  ПРААН > Навiны > у Беларусi

Інтэрвію выканаўчага дырэктара Баўгарскага форума бізнэс-лідэраў Стамэна Тасева

«Мы працуем дзеля таго пакаленьня баўгараў, якое зараз яшчэ ходзіць пешкі пад стол»

– Стамэн, ад якіх магчымых памылак вы хацелі б перасьцерагчы беларускіх удзельнікаў Глябальнае дамовы?

– У сьвеце назапашаны такі багаты досьвед рэалізацыі прынцыпаў карпарацыйнай сацыяльнай адказнасьці, што памыліцца ўжо немагчыма. Важна толькі зьвяраць свае першыя крокі з досьведам лякальных сетак іншых краінаў.

Баўгарыя валодае ўдалым досьведам фармаваньня сеткі Глябальнай дамовы. Афіцыйна ГД зьявілася ў нашай краіне пад эгідай прэзыдэнта Баўгарыі ў студзені 2003 году. Натуральна, што гэткае высокае апякунства вельмі важнае, калі ставіцца мэта прыцягнуць у сетку як мага больш удзельнікаў. Мы здолелі прыцягнуць у нашую групу камэрцыйныя прадпрыемствы, працоўныя арганізацыі, прадстаўнікоў грамадзянскае супольнасьці, агенцыі сыстэмы ААН. Зараз нацыянальная сетка ГД у Баўгарыі ўяўляе сабой напаўфармальнае аб'яднаньне, куда ўваходзяць розныя камэрцыйныя арганізацыі, грамадзкія, навучальныя і навукова–дасьледніцкія інстытуты ды фонды. Прыблізна тры гады пайшло ў нас на тое, каб разьвіць нашую структуру, у 2006 годзе мы яе канчаткова фармалізавалі — прыкладна на таким самым сходзе, які прайшоў у вас у Калядзічах, толькі мы зьбіраліся ў маленькай і ўтульнай баўгарскай вёсачцы.

– Хто накіроўвае намаганьні розных удзельнікаў у адзінае рэчышча?

– Нашая напаўфармальная структура складаецца з Кансультацыйнай рады і сакратарыяту. Кансультацыйная рада ГД займаецца перадусім фармаваньнем палітыкі і дае ўдзельнікам стратэгічную інфармацыю. Яна таксама выступае ў ролі прадстаўніка нашай сеткі на нацыянальным узроўні, то бок бярэ на сябе функцыі парлямэнтэра ў выпадку вядзеньня дыялёгу з урадам, дэпутатамі, а таксама прадстаўляе нашыя інтарэсы на міжнародным узроўні. Мы абіраем чальцоў Кансультацыйнай рады шляхам галасаваньня празь Інтэрнэт. Мяркуем, што гэты спосаб самы празрысты і адкрыты. Вынікі анлайн–галасаваньня былі абнародаваныя ў рамках форуму ўдзельнікаў Глябальнай дамовы, які прайшоў пад лёзунгам «Бізнэс супраць карупцыіі».

У Кансультацыйную раду абіраюцца пяць прадстаўнікоў, прычым мы імкнемся прыцягнуць у яе спэцыялістаў найвышэйшага рангу. Старшынём цяперашняга складу абраны генэральны дырэктар найбуйнейшага ў Баўгарыі банку – да нядаўняга часу старшыня рады асацыяцыі ўсіх банкаў Баўгарыі. Побач зь ім працуе віцэ–прэзыдэнт асацыяцыі наймальнікаў і прамыслоўцаў, яна ж – генэральны дырэктар кампаніі «Г'юлет Пакард» у Баўгарыі. Там ёсьць і прадстаўнікі іншых буйнейшых кампаніяў з сусьветным іменем і добрай рэпутацыяй. У іх практыцы адсутнічае такая зьява, пра якую я пачуў у Беларусі, – «заробак у капэртах». Таму што асноўная мэта Глябальнай дамовы – аб'яднаць празрыстыя бізнэсы, для якіх важна ня толькі атрымаць прыбытак, але і забясьпечыць належныя ўмовы і спрыяльнае асяроддзе для разьвіцьця пэрсаналу.

Кансультацыйная рада абіраецца тэрмінам на два гады, сустрэчы яе чальцоў арганізуюцца штокварталу. Сакратарыят робіць сваю работу праз Прадстаўніцтва ПРААН, якое дапамагае ў адміністраваньні: дае памяшканьне з оргтэхнікай, забясьпечвае інфармацыйную падтрымку мерапрыемстваў. У нас няма чалецкіх складак, хаця некаторыя сумы ад такіх арганізацыяў, як ПРААН, паступаюць. У нас няма статусу юрыдычнай асобы – нас аб'ядноўвае толькі ідэя.

– Вы хочаце сказаць, што аб'яднаныя аднымі ідэямі людзі валодаюць рэальнай сілай?

– Адказваючы на гэтае пытаньне, я пачну з расповяда пра сябе. Я па адукацыі статыстык, і прыблізна пятнаццаць гадоў працаваў у дзяржаўным сэктары, дайшоў да пасады намесьніка міністра фінансаў. У прыватным бізнэсе я займаў пасаду генэральнага дырэктара кампаніі «Sony» ў Баўгарыі, быў генэральным мэнэджэрам некалькіх кансалтынгавых кампаніяў – амэрыканскіх, чэскіх і японскіх. Але, нават займаючы высокую дзяржаўную пасаду, я ня мог рэалізоўваць гэткія маштабныя задачы, якія магу вырашаць зараз дзякуючы ўдзелу ў Глябальнай дамове.

Апошняя ініцыятыва, рэалізаваная баўгарскай сеткай ГД, – гэта падвышэньне празрыстасьці бізнэсу. Мы ўсе разумеем, што аплата паслугаў гатоўкай, наяўнымі – вы завеце гэта «ў капэртах» – спрыяе разьвіцьцю карупцыі, кантрабанды, арганізаванай злачыннасьці. З 2004 да 2005 году ў Баўгарыі колькасьць рэгістраваных банкамі апэрацыяў на сумму больш за 20 тысячаў даляраў павялічылася на 50 адсоткаў. У той самы час агульны эканамічны рост у Баўгарыі склаў толькі 5 адсоткаў, г.зн. ровень даходаў падвысіўся толькі на 5 адсоткаў! Гэта кажа пра тое, што ў нашай краіне быў вялікі сэктар ценевай эканомікі. І празрысты сэктар бізнэсу выпрацаваў прапановы, якія накіраваў у парлямэнт. Многія арганізацыі падтрымалі ідэю абмежаваць максымальныя выплаты гатоўкай да 6 тысячаў даляраў.

Нашую прапанову падтрымаў адмысловы парлямэнцкі камітэт па барацьбе з карупцыяй, яна была ўключаная ў плян па норматворчасьці гэтага камітэту. І гэта толькі адзін з прыкладаў нашых дасягненьняў. Я магу падмацаваць яго цэлым шэрагам прыкладаў іншых ініцыятываў Глябальнай дамовы ў Баўгарыі.

– Вы прывезьлі ў Беларусь выдаваную ў рамках праекту літаратуру, сярод якой – маніфэст па барацьбе з карупцыяй…

– Яго асноўная думка гучыць так: няма прычыны, якой можна было б апраўдаць карупцыю. Я ўпэўнены, што яшчэ можна выратаваць ад яе тое пакаленьне баўгараў, якое падарожнічае зараз пад стол пешкі. Калі мы здолеем выхаваць гэтае пакаленьне, Баўгарыя стане праўдзівай эўрапейскай краінай. Таму ў нас ёсьць праекты, разьлічаныя на моладзь. Чальцы нашае арганізацыі бясплатна чытаюць лекцыі ва ўнівэрсытэтох. Уявіце сабе дырэктараў буйных кампаніяў, якія чытаюць лекцыі будучым прамыслоўцам. Калі ў беларускім ВНУ гэткую лекцыю прачытае дырэктар «Кока–колы», дык я ўпэўнены, студэнты праявяць да яго больш інтарэсу і павагі, чым да ўнівэрсытэцкага выкладчыка.

Мы выкарыстоўваем магутнасьць нашых брэндаў, каб паўплываць на сьвядомасьць студэнтаў, падвысіць узровень іх патэнцыялу і арыентаваць на рэалізацыю прынцыпаў карпарацыйнай сацыяльнай адказнасьці. Гэты праект завецца «Бізнэс майстар–клясы». Мы арганізуем яго ў трох гарадох, дзе ёсьць унівэрсытэты, дый чытаем лекцыі па турызьме, электроніцы, банкаўскай справе. Першыя вынікі працы былі добрыя, таму сёлета мы пачалі бізнэс–гадзіны для навучэнцаў сыстэмы сярэдняй спэцыяльнай адукацыі. Перад тым як прыехаць у Беларусь, я разам з генэральным дырэктарам «Маторолы» праводзіў заняткі ў тэхнікуме электронікі.

Магчыма, вы прадстаўляеце розныя арганізацыі і па–рознаму бачыце сваю дзейнасьць у рамках нацыянальнай сеткі. У любым разе вы ў самотнасьці ўяўляеце сабой значна меншую сілу, чым разам. Бізнэс валодае такой магутнасьцю, што можа вырашаць і сацыяльныя пытаньні. Бо бюджэт асобных карпарацыяў перавышае нацыянальныя бюджэты многіх краінаў.

– Ці ўжо ёсьць прыклады шматбаковых праектаў, калі аб'ядноўваліся матэрыяльныя ўнёскі фірмаў, што бралі ўдзел у Глябальнай дамове?

– Магу прывесьці ў прыклад дзьве праграмы. Адная называлася «Клопат пра работнікаў» і была ў асноўным накіраваная на падвышэньне інфармаванасьці аб пытаньнях аховы працы. Другая – «Крэдытныя каапэратывы» – накіраваная на эфэктыўнае мікракрэдытаваньне.

– Той факт, што беларуская сетка ГД пакуль нешматлікая, не выклікае ў вас занепакоенасьці?

– Як вы лічыце, колькі сяброў у двухгадовага хлопчыка? Адзін–два, дый тыя жывуць у суседніх дамах. Але калі хлопчык становіцца старэйшым, у яго зьяўляецца ўсё больш і больш сяброў. Гэтак будзе і з Глябальнай дамовай у Беларусі.

– А «беларуская спэцыфіка» эканомікі не пагражае перакрэсьліць намаганьні ініцыятараў?

– Вам будзе вельмі цяжка пераканаць кіраўнікоў прадпрыемстваў, у якіх пераважае дзяржаўная форма ўласнасьці. Цяжка, бо яны марудней, чым прыватны сэктар, прымаюць рашэньні: яны больш кансэрватыўныя, бо заўжды ў пэўнай ступені залежаць ад іншых людзей. Але «цяжэй» ня значыць немагчыма.

– Вы казалі на прэзэнтацыі, што падтрымка друку надта важная. Але беларускія газэты, дабрабыт якіх грунтуецца на паступленьнях ад рэклямы, прытрымліваюцца негалоснай устаноўкі – выстаўляць рахунак за любую згадку аб прыватнай кампаніі.

– Пачну з уласнага досьведу. Аднойчы я напісаў артыкул, накіраваны супраць крамаў бяспошліннага гандлю. На мяжы Баўгарыі можна набыць бяз пошліны нават тытунёвыя вырабы, бэнзін і дызельнае паліва. Дзяржава губляе прыкладна 500 мільёнаў даляраў штогод, не атрымліваючы падаткаў з гэтых тавараў. Я прынёс артыкул у рэдакцыю, але мне сказалі, што рэдактар ня хоча яе друкаваць: уладальнік сеткі крамаў бяспошліннага гандлю быў адным з найбуйнейшых рэклямадаўцаў гэтага выданьня. Як бы зрабіў у такім выпадку рэдактар беларускае газэты?

– Відаць, яго баўгарскі калега…

– Калі б рэдактар быў верны сваёй прафэсіі, ён бы надрукаваў праўду. Але мой артыкул так і ня выйшаў – я ня даў яму і даляра за яе публікацыю, а іншы даў тысячы, каб яе не было.

Зрэшты, калі кампанія робіць нешта істотнае на карысьць усяго грамадзтва, якое мае значэньне, ці будзе пра тое напісана?

Для друку
 
Праграма развіцця ААН (ПРААН) з'яўляецца глабальнай сеткай ААН у галiне развiцця, якая выступае за перамены ў грамадскiм жыццi i пашырае пабудаваць лепшае жыццё.

Далей

 Тэма (па-руску) 
Падрабязней......
Падрабязней......

 
 
 
Прадстаўнiцтва ААН у Беларусi
220050 г. Мiнск, вул. Кiрава 17; тел. +375 (17) 327 48 76
факс +375 (17) 226 03 40; e-mail