Прэс-цэнтр


  Навiны ПРААН у Беларусi
  Навiны ПРААН у cвеце
  Анонсы
  Заявы
  Бюлетэнь ААН
  Фота галерэя


Пошук па сайту
 





chernobyl.info

RBEC website

  ПРААН > Навiны > у Беларусi

Праграма БУМАД пашырае магчымасьці падрыхтоўкі спэцыялістаў па барацьбе з нарказлачыннасьцю

21 лістапада 2006 году – Новыя магчымасьці дзеля навучаньня на кампутарох, што валодаюць самымі сучаснымі характарыстыкамі, атрымалі курсанты Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі дзякуючы праграме ЭЗ/ПРААН «БУМАД».

За апошнія гады ў Беларусі абвастрылася праблема незаконнага абароту і транзыту наркотыкаў, што суправаджаецца ростам паказьнікаў спажываньня наркатычных рэчываў. Цягам апошніх пятнаццаці гадоў тэмпы росту колькасьці злачынстваў, абумоўленых транзытам наркаты, у некалькі разоў перавышаюць тэмпы росту агульнакрымінальнай злачыннасьці. Рэспубліка Беларусь знаходзіцца на шляху транзыта гераіна ды іншых відаў наркотыкаў з Аўганістана ў краіны Заходняй Эўропы празь дзяржавы Сярэдняй Азіі і Расею. З краінаў Усходняй Эўропы павялічваецца плынь сынтэтычных наркотыкаў, у прыватнасьці, стымулятараў амфэтамінавага шэрагу.

Падрыхтоўка высокакваліфікаваных спэцыялістаў у галіне супрацьдзеяньня нелегальнаму абароту наркотыкаў зьяўляецца адной з неабходных перадумоваў дасягненьня мэтаў праграмы БУМАД. Для гэтага пры падтрымцы праграмы ў Акадэміі МУС Беларусі былі абсталяваныя дзьве спэцыялізаваныя клясы, дзе з пачатку навучальнага года ладзяцца заняткі для курсантов з спэцыялізацыяй «Наркакантроль і процідзеяньне гандлю людзьмі». Як распавёў начальнік катэдры апэратыўна-вышуковай дзейнасьці Дзьмітры Харэвіч, Акадэмія МУС рыхтуе ўжо другую групу па гэтай спэцыялізацыі. Пасьля выпуску 22 маладых спэцыялісты працавацьмуць у спэцыялізаваных аддзелах органаў унутраных спраў, што вядуць барацьбу з нарказлачыннасьцю. Пры тым аб'ём ведаў, якімі павінен валодаць супрацоўнік апэратыўных аддзелаў па наркакантролі і супрацьдзеяньні гандлю людзьмі, сама па сабе ўнікальны і не абмяжоўваецца ведамі агульнага характару па пытаньнях барацьбы з злачыннасьцю.

Кампутары, пастаўленыя пры садзейнічаньні праграмы БУМАД, аб'яднаныя ў лякальную сетку і могуць цэнтралізавана кіравацца з працоўнага месца выкладчыка. Кампутарная кляса абсталяваная такім чынам, каб курсанты на суседніх месцах займаліся, не замінаючы адзін аднаму. За кампутарамі адначасова могуць працаваць 13 чалавек. Калі група перавышае гэтую колькасьць, дык занятак праводзіцца дзьвюмя падгрупамі, і для «лішніх» слухачоў ёсьць зручныя працоўныя месцы ў цэнтры клясы. Каб падкрэсьліць асноўны напрамак выкарыстаньня кампутарнае клясы, выкладчыкі Акадэміі аздобілі яго фотаздымкамі рэальных затрыманьняў наркадылераў і адабраньняў забароненых рэчываў.

Паводле словаў спадара Харэвіча, кампутарная кляса будзе актыўна выкарыстоўвацца ў навучальным працэсе Акадэміі. У прыватнасьці, мяркуецца навучаць курсантаў з выкарыстаньнем разнастайных мультымэдыйных сродкаў, прышчэпліваць ім умельствы працы з сучаснымі базамі дадзеных. Магчымасьці клясы будуць выкарыстоўвацца і для правядзеньня мерапрыемстваў з удзелам прадстаўнікоў іншых ведамстваў. Ужо заплянаванае правядзеньне навучальнага сэмінару па пытаньнях працы з спэцыялізаваным праграмным забесьпячэньнем «i2», якое дапаможа пры выяўленьні і разаблачэньні сетак наркадылераў.

Апроч абсталяваньня кампутарнае клясы, пры падтрымцы праграмы БУМАД была закупленая найноўшая літаратура па праблемах супрацьдзеяньня нарказлачыннасьці, якая выкарыстоўваецца як пры падрыхтоўцы заняткаў, гэтак і ў навуковай дзейнасьці выкладчыкаў. У рамках Праграмы для адной з клясаў былі таксама закупленыя муляжы наркотыкаў. Гэта бясшкодныя для чалавека рэчывы, якія толькі вонкава падобныя на сапраўдныя наркотыкі. Муляжы павінны выкарыстоўвацца ў навучальных мэтах, каб курсанты маглі навучыцца распазнаваць тыя небясьпечныя рэчывы, зь якімі ім давядзецца сутыкацца на практыцы.

— Мы вельмі радыя супрацы з Акадэміяй МУС, — кажа мэнэджэрка беларускага кампанэнту праграмы БУМАД Ірына Жыгалка. — Міжнародная тэхнічная дапамога, прызначаная маладому пакаленьню будучых спэцыялістаў, — гэта пэрспэктыўнае ўкладаньне сродкаў. Сёньня яны зьўляюцца курсантамі Акадэміі, а заўтра стануць тымі, хто беспасярэдне будзе займацца супрацьдзеяньнем незаконнаму абароту наркотыкаў і прафіляктыкай наркаманіі, таму надта важна, каб навучальны працэс максымальна падрыхтаваў іх да будучай працы. Мы таксама вельмі радыя таму, што ў рамках нашае супрацы ўдалося стварыць скончаны прадукт — дзьве цалкам аформленыя і абсталяваныя клясы, на базе якіх працягнецца нашая далейшая супраца. Так, у пэрспэктыве ў кампутарнай клясе плянуецца ўсталяваць адмысловае праграмнае забесьпячэньне, распрацаванае Ўпраўленьнем ААН па наркотыках і злачыннасьці. Гэтая праграма ўключае ў сябе поўны спэктар інтэрактыўных курсаў па наступных тэмах: кантралюемыя пастаўкі, мэтады супрацьдзеяньня распаўсюджаньню наркотыкаў праз аэрапорты, марскія парты і наземныя КПП, мэтодыкі дагляду, апэрацыі па спыненьні легалізацыі злачынных даходаў і гандлю людзьмі.

— Садзейнічаньне, аказанае праграмай БУМАД, падвысіць эфэктыўнасьць выкладаньня і будзе стымуляваць жаданьне курсантаў вучыцца, — мяркуе сп. Харэвіч. — Гэта вльмі своечасовы і каштоўны ўнёсак у працэс падрыхтоўкі новага пакаленьня супрацоўнікаў органаў унутраных спраў — прафэсійна адукаваных адмыслоўцаў, што вольна разьбіраюцца ў самых маленькіх драбніцах інфармацыйных тэхналёгіяў. Пры тым хацелася б не спыняцца на дасягнутым і разьвіваць нашую супрацу. З свайго боку Акадэмія МУС будзе імкнуцца да ўзаемадзеяньня па ўсіх мажлівых напрамках.

Да ведама: Рэгіянальная праграма ЭЗ/ПРААН «БУМАД» (Belarus, Ukraine, Moldova Action on Drugs) аказвае садзейнічаньне адпаведным органам у сфэры прафіляктыкі наркаспажываньня і барацьбы зь незаконным абаротам наркотыкаў у Беларусі, Украіне і Малдове дый накіраваная на зьніжэньне ўзроўню кантрабанды наркотыкаў з ці праз гэтыя краіны ў дзяржавы Эўразьвязу. Праграма ажыцьцяўляецца ў партнэрстве зь Міністэрствам унутраных спраў Беларусі, Міністэрствам аховы здароўя, Дзяржаўным камітэтам памежных войскаў, Дзяржаўным мытным камітэтам і грамадзкімі арганізацыямі, што працуюць у гэтым напрамку. Адна з асноўных задачаў — садзейнічаньне Рэспубліцы Беларусь у фармаваньні нацыянальнага патэнцыялу па барацьбе зь нелегальным абаротам наркотыкаў.

Па дадатковую інфармацыю, калі ласка, зьвяртайцеся да нацыянальнага мэнэджэра праграмы «БУМАД» Ірыны Жыгалкі, тэл. 219-79-96, альбо да каардынатара інфармацыйнай дзейнасьці ПРААН у Беларусі Ўладзіслава Хількевіча, тэл. 227-38-17.

Для друку
 
Праграма развіцця ААН (ПРААН) з'яўляецца глабальнай сеткай ААН у галiне развiцця, якая выступае за перамены ў грамадскiм жыццi i пашырае пабудаваць лепшае жыццё.

Далей

 Тэма (па-руску) 
Падрабязней......
Падрабязней......

 
 
 
Прадстаўнiцтва ААН у Беларусi
220050 г. Мiнск, вул. Кiрава 17; тел. +375 (17) 327 48 76
факс +375 (17) 226 03 40; e-mail