Прэс-цэнтр


  Навiны ПРААН у Беларусi
  Навiны ПРААН у cвеце
  Анонсы
  Заявы
  Бюлетэнь ААН
  Фота галерэя


Пошук па сайту
 





chernobyl.info

RBEC website

  ПРААН > Навiны > у Беларусi

Джыхан Султанаглу: «Сыстэма выкананьня правасуддзя — гэта месца, дзе правы чалавека робяцца рэальнасьцю»

18 верасьня 2007 году — Сёньня ў Менску адбываецца арганізаваны праектам ПРААН сэмінар на тэму «Прымяненьне міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека ў працэсе выкананьня правасуддзя». У ім бяруць удзел прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі, Канстытуцыйнага Суда, Рэспубліканскай калегіі адвакатаў, Пракуратуры, Вярхоўнага Суда, Нацыянальнага цэнтру законапраектнай дзейнасьці, суддзі раённых судоў і сьледчыя раённых пракуратураў, выкладчыкі юрыдычных ВНУ, навукоўцы.

Сэмінар мае падвысіць узровень ведаў работнікаў сыстэмы правасуддзя аб міжнародных стандартох у галіне правоў чалавека ў працэсе выкананьня правасуддзя, а таксама шляхам дыскусіі вызначыць кола праблемных пытаньняў, зьвязаных з прымяненьнем у беларускім заканадаўстве і правапрымяняльнай практыцы міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека.

Адчыняючы форум, Прадстаўніца ААН/ПРААН у Беларусі Джыхан Султанаглу зазначыла:

— Для мяне вялікая радасьць вітаць вас з нагоды правядзеньня першага сэмінару ў рамках супольнага праекту Праграмы разьвіцьця ААН і Дзіцячага фонду ААН, фінансаванага Эўрапейскай камісіяй і ажыцьцяўлянага Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

Я радая бачыць тут сёньня як высокіх службовых асобаў, гэтак і практыкаў з органаў і арганізацыяў, што адказваюць за выкананьне правасуддзя ў Беларусі, і хачу падзякаваць вам за вашую цікавасьць да праекту. Я хацела б гэтаксама падзякаваць кіраўніцтву Інстытута перападрыхтоўкі і падвышэньня кваліфікацыі суддзяў, работнікаў пракуратуры, судоў і ўстановаў юстыцыі БДУ за магчымасьць правядзеньня гэтага сэмінару тут і за чынную падтрымку праекту наагул.

Праект важны для Прадстаўніцтва ААН па многіх прычынах. Перадусім, таму, што самая Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў была створаная, каб «ізноў сьцьвердзіць веру ў асноўныя правы чалавека, у годнасьць і каштоўнасьць чалавечае асобы» (Статут ААН), дый распрацоўвае адпаведныя міжнародныя стандарты з моманту свайго заснаваньня.

Сыстэма выкананьня правасуддзя — гэта тое месца, дзе правы чалавека робяцца рэальнасьцю. Калі сыстэма працуе як мае быць, дык і правы чалавека шануюцца, і людзі маюць магчымасьць іх бараніць. Ад вас, работнікаў сыстэмы выкананьня правасуддзя, залежыць, ці стане такі ненамацвальны панятак «чалавечае годнасьці» самай рэальнай рэччу ў сьвеце.

Не існуе ідэальнай унівэрсальнай мадэлі правасуддзя, якая пасуе ўсім краінам. Кожная краіна разьвівае сваю ўласную сыстэму правасуддзя, укарэненую ў яе гісторыі і нацыянальных традыцыях. Для ААН важна, каб сыстэмы выкананьня правасуддзя асобных краінаў былі здольныя забясьпечыць правасуддзе для ўсіх на падставе прынцыпаў роўнасьці і неперадузятасьці, і каб яны адпавядалі міжнародным стандартом, вызначаным ААН ды іншымі адпаведнымі міжнароднымі арганізацыямі.

Беларусь мае багатыя традыцыі ў сфэры выкананьня правасуддзя. Рыхтуючыся да сёньняшняга сэмінару, я была радая даведацца, што Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 году быў адным з самых перадавых кодэксаў свайго часу. Рэспубліка Беларусь працягнула гэтую добрую традыцыю, далучыўшыся практычна да ўсіх асноўных міжнародных дамоваў у галіне правоў чалавека, прынятых у рамках ААН, дый пераадолела ўражваючы шлях наперад у рэфармаваньні заканадаўства, што засталося ў спадчыну з савецкіх часоў.

Аднак заўсёды існуе магчымасьць дзеля далейшага ўдасканаленьня. Мы можам і павінны імкнуцца да таго, каб дасягаць большага. У гэтым і палягае філязофія нашага праекту. Мы імкнемся да таго, каб — з вашым актыўным удзелам і вашай дапамогай — разам вызначыць тыя «вузкія месцы» ў сыстэме выкананьня правасуддзя ў Беларусі, якія павінны быць палепшаныя і прыведзеныя ў большую адпаведнасьць з тымі міжнароднымі стандартамі, да якіх далучылася Рэспубліка Беларусь, каб урэшце-рэшт больш паўнавартасна задаволіць імкненьне народу Беларусі да справядлівасьці.

Таму я хацела б заклікаць вас быць шчырымі і адкрытымі пры абмеркаваньні праблемаў, што йснуюць ў сыстэме выкананьня правасуддзя Беларусі сёньня. Чым дакладней мы вызначым гэтыя праблемы, тым больш магчымасьцяў будзе ў нас для таго, каб адшукаць аптымальныя шляхі іх вырашэньня, абапіраючыся на перадавы міжнародны досьвед.

Для друку
 
Праграма развіцця ААН (ПРААН) з'яўляецца глабальнай сеткай ААН у галiне развiцця, якая выступае за перамены ў грамадскiм жыццi i пашырае пабудаваць лепшае жыццё.

Далей

 Тэма (па-руску) 
Падрабязней......
Падрабязней......

 
 
 
Прадстаўнiцтва ААН у Беларусi
220050 г. Мiнск, вул. Кiрава 17; тел. +375 (17) 327 48 76
факс +375 (17) 226 03 40; e-mail