Прэс-цэнтр


  Навiны ПРААН у Беларусi
  Навiны ПРААН у cвеце
  Анонсы
  Заявы
  Бюлетэнь ААН
  Фота галерэя


Пошук па сайту
 





chernobyl.info

RBEC website

  ПРААН > Навiны > у Беларусi

У Менску прэзэнтаваныя міжнародны даклад і нацыянальная справаздача па наркотыках

19 сакавіка 2008 года – Сёньня ў Нацыянальным прэс-цэнтры адбылася прэзэнтацыя штогадовага Дакладу Міжнароднага камітэту па кантролі над наркотыкамі (МККН) за 2007 год, а таксама двух публікацыяў, падрыхтаваных у рамках праекту ЭЗ/ПРААН «Беларуска-ўкраінска-малдаўская праграма па барацьбе зь незаконным абаротом наркотыкаў» (БУМАД): Справаздачы аб наркаспажываньні і незаконным абароце наркотыкаў у Беларусі за 2007 год і Даведніка рэабілітацыйных цэнтраў для нарказалежных.

У цэнтры ўвагі Дакладу МККН гэтым разам — прынцып сувымернасьці і зьвязаныя з наркотыкамі правапарушэньні. Амаль дзесяць гадоў таму Генэральная Асамблея ААН прыняла Дэклярацыю аб кіруючых прынцыпох скарачэньня попыту на наркотыкі. Урады шмат якіх краінаў прыклалі значныя намаганьні, каб увасобіць у жыцьцё гэныя рэкамэндацыі. Аднак некаторыя краіны па-ранейшаму прыкладаюць неапраўдана вялікія намаганьні дзеля барацьбы з дробнымі правапарушальнікамі і наркаспажыўцамі замест выяўленьня, устараненьне і пакараньня асобаў, якія кантралююць ці арганізуюць асноўныя апэрацыі па незаконным абароце наркотыкаў. У Дакладзе адзначаюцца істотныя адрозьненьні ў ступені талеранцыі паміж краінамі. У адных рэгіёнах ці краінах меры пакараньня за адны і тыя самыя злачынствы могуць лічыцца мяккімі, а ў іншых — строгімі.

— Камітэт па кантролі над наркотыкамі падкрэсьлівае неабходнасьць пошуку альтэрнатывы турэмнаму зьняволеньню наркаспажыўцоў — ёй можа стаць удзел у праграмах лячэньня, рэабілітацыі і рэінтэграцыі, — адцеміў у сваёй прамове Кіраўнік Дэпартамэнту грамадзкай інфармацыі ААН у Беларусі Віктар Радзівіноўскі. — Міжнародны камітэт таксама настойліва рэкамэндуе ўрадам павялічыць колькасьць і пашырыць магчымасьці выкарыстаньня наркалягічных і лячэбна-рэабілітацыйных праграмаў у пэнітэнцыярных установах.

У Дакладзе за 2007 год МККН таксама зьвяртае ўвагу, што мільёны людзей ва ўсім сьвеце пакутуюць ад вострай і хранічнай болі праз тое, што ў многіх краінах асноўныя наркатычныя сродкі недастаткова шырока выкарыстоўваюцца дзеля абязбольваньня. Камітэт заклікае ўрады падтрымаць новую праграму Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, якая павінна пашырыць доступ да гэткіх лекавых сродкаў. Пакуль іх спажываньне абмяжоўваецца амаль выключна Эўропай і Паўночнай Амэрыкай.

«Справаздача аб наркаспажываньні і незаконным абароце наркотыкаў у Рэспубліцы Беларусь» за 2007 год зьяўляецца другой справаздачай, падрыхтаванай Беларускім цэнтрам маніторынгу за наркотыкамі і наркаспажываньнем пры падтрымцы праекту БУМАД. Дакумэнт закранае сфэру нарказлачыннасьці як наагул па Беларусі, гэтак і па яе рэгіёнох, утрымлівае аналіз палітыкі ў сфэры барацьбы зь незаконным абаротам наркотыкаў і наркаспажываньнем.

У Справаздачы выкарыстоўвалася інфармацыя аб зарэгістраваных у наркалягічных установах пацыентах з сындромам залежнасьці і асобах, што спажываюць псыхаактыўныя рэчывы, а таксама аб колькасьці і відах канфіскаваных наркотыкаў. Дадзеныя былі перададзеныя Міністэрствам аховы здароўя і Міністэрствам унутраных спраў Беларусі, Дзяржаўным мытным і Дзяржаўным памежным камітэтамі. Справаздача стала першым выданьнем, якое акумулявала дадзеныя ўсіх міністэрстваў і ведамстваў, што маюць дачыненьне да прафіляктыкі наркаманіі і супрацьдзеяньня незаконнаму абароту наркотыкаў.

Даведнік па рэабілітацыйных цэнтрах прызначаны для хворых на наркаманію і іх блізкіх, якія хочуць пазбавіцца ад наркатычнай залежнасьці і вярнуцца да нармалёвага жыцьця. Дзеля таго, што праграмы рэабілітацыі нарказалежных зьявіліся ў Беларусі параўнальна нядаўна, дагэтуль не існавала сыстэматызаванай інфармацыі аб рэабілітацыйных цэнтрах з апісаньнем іх праграмаў. Пры дапамозе грамадзкіх арганізацыяў, што займаюцца праблемамі наркаманіі, БУМАД сабрала і сыстэматызавала інфармацыю аб існуючых у Беларусі праграмах рэабілітацыі.

У першым такога кшталту даведніку зьмешчаная інфармацыя аб рэабілітацыйных цэнтрах, што функцыянуюць на базе дзяржаўных установаў, грамадзкіх арганізацыяў і цэркваў, якія прапануюць розныя праграмы аднаўленьня, заснаваныя на хрысьціянскіх каштоўнасьцях, працатэрапіі, псыхатэрапіі ці спалучэньні розных мэтадаў.

У прэзэнтацыі ўзялі ўдзел кіраўнік Дэпартамэнту грамадзкай інфармацыі ААН у Беларусі Віктар Радзівіноўскі, галоўны нарколяг Міністэрства аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Максімчук і намесьнік начальніка ўпраўленьня па наркакантролі і супрацьдзеяньні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Рамуальд Андрыеўскі.

Па дадатковую інфармацыю, калі ласка, зьвяртайцеся да каардынатара інфармацыйнай дзейнасьці ПРААН у Беларусі Ўладзіслава Хількевіча, тэл. 227-38-17, e-mail: , ці да кіраўнічкі праекту БУМАД у Беларусі Ірыны Жыгалкі, тэл. (029) 673 33 60.

Для друку
 
Праграма развіцця ААН (ПРААН) з'яўляецца глабальнай сеткай ААН у галiне развiцця, якая выступае за перамены ў грамадскiм жыццi i пашырае пабудаваць лепшае жыццё.

Далей

 Тэма (па-руску) 
Падрабязней......
Падрабязней......

 
 
 
Прадстаўнiцтва ААН у Беларусi
220050 г. Мiнск, вул. Кiрава 17; тел. +375 (17) 327 48 76
факс +375 (17) 226 03 40; e-mail