|
|
|
ПРААН > Навiны > у Беларусi
Як падвысіць эфэктыўнасьць першаснай прафіляктыкі сухотаў
5–6 і 12–13 лютага на базе Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра прайшлі трэнінгі «Падвышэньне эфэктыўнасьці першаснай прафіляктыкі сухотаў». Яны ўваходзяць у комплекс мерапрыемстваў інфармацыйнае кампаніі «Я магу спыніць сухоты», рэалізоўванай Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа ў рамках праекту ПРААН «Падтрымка Дзяржаўнай праграмы «Сухоты» ў Рэспубліцы Беларусь».
Удзельнікамі трэнінгаў сталі лекары санітарна–эпідэміялягічнай службы места Менска. Задачамі трэнінгаў было падвышэньне ўзроўня іх інфармаванасьці па розных формах прафіляктычнай працы.
Трэнінг зьяўляецца першым гэткім досьведам у галіне першаснай прафіляктыкі сухотаў (тубэркулёза) у Беларусі. У супрацоўніцтве зь Менскім гарадзкім цэнтрам гігіены і эпідэміялёгіі трэнэрская каманда на працягу 4–х месяцаў распрацоўвала навучальную праграму. Да падрыхтоўкі і правядзеньня трэнінгу былі таксама прыцягнутыя адмыслоўцы супрацьсухотных установаў.
– У цяперашні час адсутнічае паўнавартасны дыялёг паміж санітарна–эпідэміялягічнай і фтызыятрычнай службамі, – адзначыў загадчык катэдры фтызыяпульманалёгіі Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэта Павал Крыванос. – Менавіта на такіх трэнінгох адмыслоўцы могуць абмяняцца меркаваньнямі наконт прафіляктыкі сухотаў, а таксама выпрацаваць дзейсную прафіляктычную праграму, якую змогуць рэалізаваць як самастойна, так і з прыцягненьнем рэсурсаў праекту ПРААН. Таму гэткія трэнінгі неабходныя.
Увесну падобны трэнінг пройдзе для прадстаўнікоў гомельскага абласнога цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя. Вынікам трэнінгаў стане павелічэньне колькасьці мерапрыемстваў па прафіляктыцы сухотаў, якія неабходныя, зыходзячы зь цяперашняй эпідэміялягічнай сытуацыі ў краіне. Так, у 2008 годзе было выяўлена 4 393 новых выпадкаў захворваньняў на сухоты, што склала 45,3 на 100 тысячаў жыхароў. Паказьнік сьмяротнасьці складае 8,3 на 100 000 жыхароў дый застаецца высокім у асноўным з–за росту выпадкаў лекаваўстойлівых і ВІЧ–асацыяваных сухотаў.
Па дадатковую інфармацыю, калі ласка, зьвяртайцеся да галоўнага адмыслоўца Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Зьмітра Русакова, тэл. (+375 29) 620–78–79; адрэса электроннай пошты: .
|
|
Праграма развіцця ААН (ПРААН) з'яўляецца глабальнай сеткай ААН у галiне развiцця,
якая выступае за перамены ў грамадскiм жыццi i пашырае
пабудаваць лепшае жыццё.
|
|

|
|