Прэс-цэнтр


  Навiны ПРААН у Беларусi
  Навiны ПРААН у cвеце
  Анонсы
  Заявы
  Бюлетэнь ААН
  Фота галерэя


Пошук па сайту
 





chernobyl.info

RBEC website

  ПРААН > Навiны > у Беларусi

Будучыня палескіх балотаў цяпер выглядае больш аптымістычна

14 сакавіка 2006 году – Рэкамэндацыі па ўдасканаленьні экалягічнага заканадаўства Беларусі, пляны кіраваньня некалькімі тэрыторыямі міжнароднай значнасьці, а таксама ўнікальны досьвед аднаўленьня і стабілізацыі гідралягічнай сытуацыі на балотах — вось толькі некаторыя вынікі праекту ПРААН, што закончыўся днямі.

Праект «Рэалізацыя першачарговых мерапрыемстваў інтэграваных плянаў кіраваньня ключавымі нізіннымі балотамі Палесься ў мэтах захаваньня біялягічнае разнастайнасьці» выконваўся з 2002 году грамадзкай арганізацыяй «Ахова птушак Бацькаўшчыны» пры фінансавай падтрымцы Каралеўскага таварыства аховы птушак (Вялікая Брытанія), ПРААН, Фонду «Дарвінаўская ініцыятыва па захаваньні відаў» (Вялікая Брытанія) і Фонду Міхаэля Ота па ахове навакольнага асяроддзя (Нямеччына).

У часе рэалізацыі праекту былі праведзеныя мерапрыемствы па аптымізацыі гідралягічнага рэжыму нізінных балотаў Дзікое, Званец і Спораўскае на паўднёвым захадзе Беларусі. У прыватнасьці, на балотах былі пабудаваныя пятнаццаць водарэгулюючых спарудаў, а дзеля забесьпячэньня іх аптымальнага функцыянаваньня экспэрты праекту распрацавалі адпаведныя рэкамэндацыі па эксплюатацыі.

— Праектныя тэрыторыі — Званец, Спораўскае і Дзікое — зьяўляюцца ўнікальнымі экасыстэмамі, што захаваліся ў блізкім да натуральнага стане, адзінымі тэрыторыямі гэткага маштабу ў Эўропе, — кажа каардынатар экалягічных праектаў ПРААН у Беларусі Дзмітры Галубоўскі. — ПРААН разглядае закончаны праект як этап комплекснай праграмы, вынікам першай фазы якой стала распрацоўка плянаў кіраваньня, дзе былі прапісаныя асноўныя праблемы гэтых водна-балотных угоддзяў і дадзеныя канкрэтныя рэкамэндацыі па іх захаваньні і паляпшэньні стану.

У рамках праекту былі створаныя структуры кіраваньня заказьнікамі «Званец» і «Спораўскі», што функцыянуюць у каардынацыі зь Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Досьвед стварэньня гэткіх прыродаахоўных установаў у праекце ўжо паслужыў асновай для рашэньня Міністэрства аб стварэньні структураў кіраваньня для 37 заказьнікаў Беларусі.

Паводле дадзеных маніторынгу, на трох праектных тэрыторыях адзначаецца стабілізацыя і павелічэньне шчыльнасьці расьсяленьня аднаго з глябальна пагражаемых відаў птушак — вяртлявай чарацянкі (вертлявая камышевка). Сёньня колькасьць віду знаходзіцца на стабільным узроўні (80-100 самцоў-пяюноў на 100 га). Асноўнай прычынай таго стала выкананьне мерапрыемстваў праекту па рэгуляваньні ўзроўню вады на балотах.

— У выніку рэалізацыі праекту на ахоўваных тэрыторыях адбыліся якасныя зьмяненьні, — адзначае прадстаўніца Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Натальля Мінчанка. — Праектам зроблены яшчэ адзін крок у напрамку аднаўленьня і захаваньня водна-балотных угоддзяў краіны, аднак нельга спыняцца на дасягнутым. Сёньня ў стадыі рэгістрацыі знаходзіцца новы праект па Палесьсі, у рамках якога будзе працягнутая распачатая работа.

Мяркуецца, што мэтай наступнага праекту стане вырашэньне праблемы зарастаньня адкрытых балотаў хмызьнякамі і трысьнягом. Апроч таго, праект паспрыяе разьвіцьцю альтэрнатыўных крыніцаў даходу для мясцовага насельніцтва, у прыватнасьці, экалягічнага турызму на ахоўваных прыродных тэрыторыях.

Па дадатковую інфармацыю, калі ласка, зьвяртайцеся да супрацоўніка па інфармацыі ПРААН Уладзіслава Хількевіча, тэл. 227-38-17, альбо да мэнэджэркі праекту Вольгі Сьцепанюк, тэл. 263-06-13.

Для друку
 
Праграма развіцця ААН (ПРААН) з'яўляецца глабальнай сеткай ААН у галiне развiцця, якая выступае за перамены ў грамадскiм жыццi i пашырае пабудаваць лепшае жыццё.

Далей

 Тэма (па-руску) 
Падрабязней......
Падрабязней......

 
 
 
Прадстаўнiцтва ААН у Беларусi
220050 г. Мiнск, вул. Кiрава 17; тел. +375 (17) 327 48 76
факс +375 (17) 226 03 40; e-mail