Прэс-цэнтр


  Навiны ПРААН у Беларусi
  Навiны ПРААН у cвеце
  Анонсы
  Заявы
  Бюлетэнь ААН
  Фота галерэя


Пошук па сайту
 





chernobyl.info

RBEC website

  ПРААН > Навiны > у Беларусi

Беларусь, магчыма, далучыцца да міжнароднай праграмы «Школьнае малако»

Менск, 29 чэрвеня 2007 году – У рацыён беларускіх школьнікаў неабходна вярнуць малако. Удзельнікі ўчорашняга міжнароднага круглага стала «Разьвіцьцё праграмы харчаваньня дзяцей у школах і дашкольных установах Беларусі: магчымасьці да супрацы» прапануюць канкрэтныя крокі, якія могуць умацаваць здароўе дзяцей і паўплываць на іх харчовыя паводзіны.

Дзеці ўсяго сьвету аддаюць перавагу не карысным, а смачным прадуктом — чыпсам і газіроўцы, снэкам, піцы і гамбургерам. У процівагу таму ўжо цягам сарака гадоў у розных краінах сьвету дзейнічае праграма «Школьнае малако». У 2006 годзе ў ёй узялі ўдзел 148 мільёнаў дзяцей зь 50 краінаў сьвету. У праграме бяруць удзел як разьвітыя (ЗША, Вялікая Брытанія, Данія, Швэцыя), гэтак і разьвіваныя краіны (Тайлянд, Эгіпет, дзяржавы Лацінскай Амэрыкі).

Магчымасьць рэалізацыі праграмы «Школьнае малако» ў Беларусі абмяркоўвалі ўдзельнікі паседжаньня круглага стала па праблемах харчаваньня школьнікаў, што прадстаўляюць Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЭФ), Праграму разьвіцьця ААН ў рамках Ініцыятывы «Глябальная дамова», Палату Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, міністэрства адукацыі, аховы здароўя, сельскай гаспадаркі і харчаваньня, працы і сацыяльнай аховы, абласныя выканаўчыя камітэты, аб'яднаньні прадпрымальнікаў і асобныя прадпрыемствы.

— У стратэгіі ЮНІСЭФ у галіне здароўя і харчаваньня на 2006-2015 гады падкрэсьліваецца, што здароўе дзяцей больш за ўсё залежыць ад трох наступных чыньнікаў — ужываньня адпаведнай веку якаснай ежы, узроўня мэдычнага абслугоўваньня і экалягічнай абстаноўкі, — зазначыў Прадстаўнік ЮНІСЭФ у Беларусі Браніслаў Екіч. — «Школьнае малако» — гэта праграма рэгулярнага забесьпячэньня дзяцей малаком і кісламалочнымі прадуктамі ў адукацыйных установах. Больш мільярда літраў малака штогод пастаўляецца ў школы краінаў Заходняй Эўропы, Паўночнай і Паўднёвай Амэрыкі, Азіі, Афрыкі і Аўстраліі. У некаторых рэгіёнох яно ўзбагачаецца карыснымі рэчывамі, дэфіцыт якіх адчуваецца ў той мясцовасьці.

— За час навучаньня ў школе колькасьць здаровых дзяцей у Беларусі скарачаецца з 92,7 да 69,1 адсотка, — нагадаў старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізычнай культуры, справах сям'і і моладзі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алег Вялічка. — Здароўе дзяцей і падлеткаў у любым грамадзтве, пры любой сацыяльна-палітычнай і эканамічнай сытуацыі — пытаньне першачарговай важнасьці.

Гарачае харчаваньне ў беларускіх школах атрымліваюць 70 адсоткаў вучняў. Але «гарачае» яшчэ не азначае «збалянсаванае». Паводле зьвестак дэпутата, штодня п'юць малако і ядуць малочныя прадукты толькі 24,5 адсотка вучняў. 9 адсоткаў школьнікаў увогуле іх не спажываюць, аддаючы перавагу не малаку, а піццы, смажням, піражкам і іншаму падобнаму фаст-фуду. Зь ініцыятывы дарослых з школьных буфэтаў і сталовак зьніклі газіроўкі і чыпсы. Але дзеці ад таго здаровейшыя ня сталі.

— Маленькія дзеці ядуць тое, што ім даюць дарослыя, таму іх рацыён яшчэ адпавядае мэдычным нормам, а вось падлеткі 14-17 гадоў, асабліва вяскоўцы, складаюць групу рызыкі, — так вызначыла праблемнае зьвяно галоўны пэдыятар Міністэрства аховы здароўя Натальля Гальлевіч.

Падлеткі недаатрымліваюць вітаміны і бялкі, рэдка ядуць рыбу. І ўсе векавыя групы пакутуюць на нястачу кальцыю: малодшыя школьнікі ў сярэднім атрымліваюць 91 адсотак ад нормы, старэйшыя — 73 адсотка.

У Беларусі праграма «Школьнае малако» можа стаць праектам шматбаковага партнэрства з удзелам дзяржаўных структураў, міжнародных грамадзкіх арганізацыяў і, вядома, сацыяльна адказнага бізнэсу.

— Да Ініцыятывы ААН «Глябальная дамова» далучыліся ўжо 32 беларускія кампаніі, — распавяла кансультантка Ініцыятывы ў Беларусі Жана Тарасевіч. — Першапачаткова меркавалася, што ў рамках праекту нашыя прадпрыемствы будуць больш вучыцца сацыяльнай адказнасьці бізнэсу. Але, як выявілася на практыцы, асноўная маса прадпрыемстваў-удзельнікаў Лякальнай сеткі «Глябальнай дамовы» у Беларусі актыўна ўключаюцца ў розныя сацыяльныя праекты і дэманструюць сваю гатовасьць да сацыяльнай адказнасьці ўжо
зараз. І гэты круглы стол арганізаваны зь ініцыятывы аднаго з удзельнікаў Глябальнай дамовы ў Беларусі – ААТ «Савушкін прадукт».

Зыходзячы зь дзяржаўнай важнасьці праблемы захаваньня і ўмацаваньня здароўя дзяцей і падлеткаў, удзельнікі міжнароднага круглага стала прынялі рэзалюцыю.

«У працэсе ўдасканаленьня дзяржаўнай палітыкі ў галіне здаровага харчаваньня, — ідзецца ў ёй, — мэтазгодна рэкамэндаваць органам выканаўчай улады ў 2007-2008 гадох:

1. Рэалізаваць дадатковыя захады, накіраваныя на ўдасканаленьне праграмаў у галіне харчаваньня дзяцей дашкольнага і школьнага веку ў арганізаваных калектывох;

2. Прааналізаваць супольна з органамі кіраваньня адукацыяй і аховай здароўя рацыёны харчаваньня па збалянсаванасьці з улікам фізыялягічнай патрэбы дзяцей у біялягічна каштоўных рэчывах;

3. Прызнаць неабходным павелічэньне ў рацыёне харчаваньня дашкольнікаў і школьнікаў долі малочных і кісламалочных прадуктаў. Разгледзець магчымасьць інтэграцыі праграмы «Школьнае малако» ў працэс захаваньня здароўя адукацыйных установаў;

4. Пашырыць супрацу зь міжнароднымі арганізацыямі, у прыватнасьці з ФАО (Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя Аб'яднаныях Нацыяў), па пытаньнях рэалізацыі ініцыятывы «Школьнае малако»;

5. Прааналізаваць наяўныя мэханізмы фінансаваньня праграмаў «Школьнае малако»;

6. Правесьці інфармацыйныя кампаніі аб карысьці малака і кісламалочных прадуктаў, а таксама рацыянальнага харчаваньня;

7. Уключыць кампанэнт па навучаньні дзяцей і падлеткаў прынцыпом здаровага харчаваньня ў канцэпцыю навучаньня здароваму ладу жыцьця на падставе жыцьцёвых умельстваў».

Апроч таго, рэзалюцыя будзе дапоўненая рэкамэндацыямі для бізнэсу і грамадзкасьці.

Для друку
 
Праграма развіцця ААН (ПРААН) з'яўляецца глабальнай сеткай ААН у галiне развiцця, якая выступае за перамены ў грамадскiм жыццi i пашырае пабудаваць лепшае жыццё.

Далей

 Тэма (па-руску) 
Падрабязней......
Падрабязней......

 
 
 
Прадстаўнiцтва ААН у Беларусi
220050 г. Мiнск, вул. Кiрава 17; тел. +375 (17) 327 48 76
факс +375 (17) 226 03 40; e-mail