Прэс-цэнтр


  Навiны ПРААН у Беларусi
  Навiны ПРААН у cвеце
  Анонсы
  Заявы
  Бюлетэнь ААН
  Фота галерэя


Пошук па сайту
 





chernobyl.info

RBEC website

  ПРААН > Навiны > у Беларусi

У Беларусі адзначылі Сусветны дзень водна-балотных угоддзяў

Вынікі сумеснай працы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі і міжнародных арганізацый па захаванні і ўстойлівым кіраванні водна-балотнымі ўгоддзямі (ВБУ) сталі асноўнай тэмай выязной прэсавай канферэнцыі, якая адбылася сёння, у Сусветны дзень водна-балотных угоддзяў, на базе эколага-асветнага цэнтра Рэспубліканскага біялагічнага заказніка «Спораўскі» у Бярозаўскім раёне Брэсцкай вобласці.

Мерапрыемства было арганізаванае Мінпрыроды сумесна з праектам Праграмы развіцця ААН і Глабальнага экалагічнага фонду (ГЭФ) «Стварэнне ўмоў для ўстойлівага функцыянавання сістэмы водна-балотных угоддзяў у Беларускім Палессі».

Сёлета 2 лютага – дзень асаблівы. Роўна 40 гадоў таму, у 1971 годзе ў іранскім месце Рамсар была падпісаная Канвенцыя аб водна-балотных угоддзях, што маюць міжнароднае значэнне, перш за ўсё ў якасці месцапражыванняў вадаплаўных птушак. У далейшым гэты дакумент атрымаў назву Рамсарскай канвенцыі. Асноўнай мэтай Канвенцыі з'яўляецца захаванне і рацыянальнае выкарыстанне ВБУ як сродку дасягнення ўстойлівага развіцця ва ўсім свеце. На сёння дакумент падпісалі 160 дзяржаў. Больш за 1900 прыродных тэрыторый ва ўсім свеце ўключаныя ў Рамсарскі спіс ВБУ міжнароднага значэння. Рэспубліка Беларусь далучылася да Рамсарскай канвенцыі ў верасні 1999 года.

– Мэта ўдзелу ў Канвенцыі – гэта, перш за ўсё, захаванне ВБУ, якіх у нашай краіне нямала. Больш за 7% тэрыторыі Беларусі – гэта водна-балотныя ўгоддзі, на якіх гняздуецца вялікая колькасць рэдкіх відаў птушак, многія з якіх лічацца знікаючымі выглядамі не толькі ў Еўропе, але і ва ўсім свеце, – падкрэсліў у сваім выступе Анатоль Ліс, намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь.

У Беларусі знаходзяцца 9 тэрыторый, што маюць міжнароднае значэнне і ўключаныя ў Спіс найбольш каштоўных водна-балотных угоддзяў: заказнікі «Спораўскі», «Сярэдняя Прыпяць», «Простыр», «Званец», «Альманскія балоты», «Ельня», «Асвейскі», «Котра», Бярэзінскі біясферны запаведнік.

У рамках сумеснай працы Ўрада Рэспублікі Беларусь і міжнародных арганізацый па захаванні і ўстойлівым кіраванні ВБУ ў Беларусі рэалізаваны шэраг праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі, накіраваных на дасягненне ўстойлівага кіравання такімі тэрыторыямі.

Захаванне і ўстойлівае кіраванне ВБУ з'яўляецца прыярытэтам праекту ПРААН/ГЭФ «Стварэнне ўмоў для ўстойлівага функцыянавання сістэмы ахоўных водна-балотных угоддзяў у Беларускім Палессі», рэалізоўванага Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь з 2006 года.

Праект накіраваны на падвышэнне патэнцыялу Рэспублікі Беларусь па захаванні біяразнастайнасці водна-балотных угоддзяў у рамках нацыянальнай сеткі ААПТ, падвышэнне эфектыўнасці кіравання заказнікамі, уключэнне пытанняў захавання біяразнастайнасці ў практыку вядзення сельскай і лясной гаспадаркі, супрацьпаводкавую абарону ў саміх водна-балотных заказніках і на прылеглых да іх тэрыторыях. Рэалізацыя ініцыятывы ажыццяўляецца ў чатырох рэспубліканскіх заказніках («Сярэдняя Прыпяць», «Спораўскі», «Званец» і «Простыр») у рэгіёне Беларускага Палесся. Усе чатыры тэрыторыі з'яўляюцца Рамсарскімі ўгоддзямі.

З удзелам праекту распрацаваныя Нацыянальная стратэгія і план дзеянняў па рэалізацыі Рамсарскай канвенцыі да 2014 года, створаная першая на постсавецкай прасторы трансмежавая Рамсарская тэрыторыя «Стаход-Прыпяць-Простыр» (Украіна-Беларусь).

Увесну 2010 года ў рамках праекту рэалізаваны інжынерны праект па аптымізацыі гідралагічнага рэжыму заказніка «Званец». Практычна на ўсёй тэрыторыі заказніка створаныя аптымальныя гідралагічныя ўмовы для захавання колькасці відаў птушак балотна-лугавога комплексу, якім пагражае глабальнае знікненне. Праектам таксама праводзіцца выдаленне залішняй хмызняковай расліннасці і абкошванне нізінных балот і паплавоў, што дазваляе стварыць спрыяльныя ўмовы для птушак, якія насяляюць ВБУ.

Пры канцы снежня 2010 года скончылася рэалізацыя праекту ПРААН/ГЭФ «Рэнатуралізацыя і ўстойлівае кіраванне тарфянымі балотамі для перадухілення дэградацыі земляў, змянення клімата і забеспячэння захавання глабальна значнай біялагічнай разнастайнасці». Дзейнасць ініцыятывы была накіраваная на рашэнне праблемы дэградацыі тарфянішчаў у Беларусі, а таксама атрыманне раўналежных выгод для навакольнага асяроддзя ў такіх сферах, як устойлівае кіраванне зямельнымі рэсурсамі, змяненне клімата і захаванне біялагічнай разнастайнасці.

Заказнік «Спораўскі» быў не выпадкова абраны месцам правядзення юбілейнай прэсавай канферэнцыі. Гэтая асабліва ахоўная тэрыторыя стала першай у Рэспубліцы Беларусь, якая атрымала ў 1999 годзе міжнародны статус аховы Рамсарскага ўгоддзя. Падчас мерапрыемстваў удзельнікі наведалі экалагічную сцежку заказніка, дзе мелі магчымасць пацешыцца зімовым пейзажам нізіннага балота Спораўскае – аднаго з нешматлікіх месцаў пасялення віду вяртлявай чаротаўкі, якой пагражае глабальнае знікненне.

У прэсавай канферэнцыі ўзялі ўдзел кіраўніцтва Мінпрыроды, Брэсцкага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, Бярозаўскага раённага выканаўчага камітэта, Бярозаўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, дырэкцыі ДПУ «Рэспубліканскі біялагічны заказнік «Спораўскі», Праграмы малых грантаў ГЭФ у Рэспубліцы Беларусь, грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны», прадстаўнікі навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах НАН Беларусі, праекту ПРААН/ГЭФ «Стварэнне ўмоў для ўстойлівага функцыянавання сістэмы водна-балотных угоддзяў у Беларускім Палессі», нацыянальных і мясцовых СМІ.

Па дадатковую інфармацыю, калі ласка, звяртайцеся да Аляксея Чыстадарскага, супрацоўніка па інфармацыі праекту ПРААН/ГЭФ «Стварэнне ўмоў для ўстойлівага функцыянавання сістэмы водна-балотных угоддзяў у Беларускім Палессі», па тэл. у Мінску 8 (017) 226-59-54, маб.: 8 (029) 656-15-30.

Для друку
 
Праграма развіцця ААН (ПРААН) з'яўляецца глабальнай сеткай ААН у галiне развiцця, якая выступае за перамены ў грамадскiм жыццi i пашырае пабудаваць лепшае жыццё.

Далей

 Тэма (па-руску) 
Падрабязней......
Падрабязней......

 
 
 
Прадстаўнiцтва ААН у Беларусi
220050 г. Мiнск, вул. Кiрава 17; тел. +375 (17) 327 48 76
факс +375 (17) 226 03 40; e-mail