ПРААН home


  Мiсiя ПРААН
  ПРААН у Беларусi
  Праекты


Пошук па сайту
 





chernobyl.info

RBEC website

 
 Праграма развіцця Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ПРААН) 

Праграма развіцця ААН (ПРААН) з'яўляецца глабальнай сеткай ААН у галіне развіцця, якая выступае за станоўчыя змены ў жыцці людзей шляхам надання краінам-удзельніцам доступу да крыніц ведаў, досведу і рэсурсаў. Мы працуем на тэрыторыі 177 краін, аказваючы ім садзейнічанне ў пошуку рашэнняў глабальных і нацыянальных праблем у галіне развіцця. Развіваючы свой патэнцыял, краіны выкарыстоўваюць досвед і веды персанала ПРААН і шырокага кола яе партнёраў.

Сусветныя лідэры ўзялі на сябе абавязанні па дасягненні Мэтаў развіцця тысячагоддзя, уключаючы звышважную задачу па зніжэнні напалову ўзроўня галечы да 2015 году. Сетка ПРААН увязвае і каардынуе глабальныя і нацыянальныя намаганні па дасягненні гэтых мэтаў.

ПРААН дапамагае развіваным краінам у справе мабілізацыі і эфектыўнага выкарыстання дапамогі. У кантэксце ўсёй нашай дзейнасці мы аказваем садзейнічанне ў галіне абароны правоў чалавека і пашырэнні магчымасцяў жанчын. Падрабязней аб ПРААН у свеце (на анг.)

 

ПРААН У БЕЛАРУСІ
Праграма развіцця ААН, якая працуе ў Беларусі з 1992 году, засяроджвае сваю дзейнасць на дапамозе краіне ў пошуку рашэнняў праблем у наступных галінах:


Як ПРААН дапамагае Беларусі атрымаць доступ да інфармацыі, досведу і рэсурсаў з глабальнай сеткі ААН па пытаннях развіцця?

  ПРААН аказвае садзейнічанне ў падрыхтоўцы Нацыянальных справаздач аб чалавечым развіцці ў Беларусі, у якіх прадстаўлены аналіз палітыкі краіны ў галіне развіцця і пазначаныя ключавыя праблемы, што патрабуюць рашэння. Справаздачы распаўсюджваюцца сярод шырокай аўдыторыі, у тым ліку сярод распрацоўнікаў палітыкі, у навуковых колах і агенцтвах па аказанні дапамогі. Апошняя Справаздача аб чалавечым развіцці пад назвай «Эканоміка і грамадства Беларусі: дыспрапорцыі і далягляды развіцця», закранае шырокі спектр пытанняў, датычных інтэграцыі краіны ў глабальную эканоміку, паляпшэння ўзроўня жыцця на аснове ўстойлівага росту, шляхоў забеспячэння бяспечнага навакольнага асяроддзя, а таксама прыярытэтаў пры правядзенні інстытуцыйных і эканамічных рэформаў. Справаздача адлюстроўвае структурныя, сацыяльныя і рэгіянальныя дыспрапорцыі ды падсумоўвае рэкамендацыі наконт далейшых дзеянняў.

  Канцэпцыя развіцця мікрафінансавання ў Рэспубліцы Беларусь, распрацаваная ў рамках рэалізацыі тэматычнага праекту ПРААН, была ператвораная ў Праграму развіцця мікрафінансавання ў Рэспубліцы Беларусь на 2010-2015 гг. ды зацверджаная сумеснай пастановай Праўлення Нацыянальнага банка і Міністэрства фінансаў Беларусі.

Рэалізацыя сумеснага праекту Еўрапейскага Звяза, ПРААН і Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) «Папярэджанне, барацьба і мінімізацыя сацыяльных наступстваў у галіне гандлю людзьмі ў Рэспубліцы Беларусь» дазволіла палепшыць веды і ўменні спецыялістаў навучальных устаноў па пытаннях прафілактыкі гандлю людзьмі, павысіць эфектыўнасць сістэмы аказання сацыяльнай і рэабілітацыйнай дапамогі пацярпелым, пашырыць магчымасці праваахоўных органаў па крымінальным пераследзе злачынцаў, удасканаліць супрацоўніцтва і каардынацыю паміж зацікаўленымі арганізацыямі, падвысіць інфармаванасць насельніцтва па праблеме гандлю людзьмі. У прыватнасці, сумесна з Міністэрствам адукацыі праектам быў распрацаваны метадычны дапаможнік па прафілактыцы гандлю людзьмі і гвалту над дзецьмі ў кіберпрасторы, які дазволіць падвысіць эфектыўнасць прафілактычнай працы па дадзенай тэматыцы ў навучальных установах. У Мінску і абласных цэнтрах прайшлі асветніцкія акцыі для моладзі, якія ахапілі каля 3 000 навучэнцаў.

  Яшчэ адным прыкладам таго, як ПРААН дапамагае Беларусі атрымаць доступ да інфармацыі, досведу і рэсурсаў, з'яўляецца рэалізацыя буйнамаштабнага міжнароднага праекту «Прафілактыка і лячэнне ВІЧ/СНІДу ў Рэспубліцы Беларусь». Яго найважнейшым дасягненнем стала забеспячэнне доступу людзей, якія жывуць з ВІЧ/СНІДам (ЛЖВС), да сучаснай дыягностыкі і лячэння ВІЧ-інфекцыі. Дзякуючы праекту цалкам задаволеныя патрэбы сістэмы аховы здароўя Беларусі ў антырэтравірусных прэпаратах для лячэння ВІЧ/СНІДу, закупленае сучаснае лабараторнае абсталяванне для дыягностыкі ВІЧ/СНІДу і інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам, лекавыя прэпараты для тэрапіі апартуністычных інфекцый у ЛЖВС, сродкі абароны ад прафесійнага інфіцыравання ВІЧ медычнага персанала.

Паспяховае засваенне гранта Глабальнага фонду для барацьбы са СНІДам, сухотамі і малярыяй аб'ёмам амаль 17 мільёнаў даляраў ЗША стварыла перадумовы для працягу фінансавання дзейнасці па прафілактыцы ВІЧ/СНІДу ў Беларусі да 2015 года з улікам далейшых станоўчых вынікаў працы.

  Урад Беларусі, ПРААН і Глабальны фонд для барацьбы са СНІДам, сухотамі і малярыяй падпісалі дамову, паводле якой Беларусь атрымлівае грант у памеры 14,2 млн. даляраў ЗША для барацьбы з сухотамі (туберкулёзам). У рамках гэтага гранта ствараецца сучасная сістэма дыягностыкі, рэгістрацыі і ўліку выяўленых выпадкаў сухотаў, а таксама нацыянальная лабараторыя для якаснай і эфектыўнай дыягностыкі сухотаў. Праектам прадугледжанае навучанне больш за 2 500 медычных работнікаў беларускай супрацьсухотнай службы, сёстраў службы міласэрнасці Чырвонага Крыжа, лабарантаў, медперсанала сістэмы выканання пакаранняў сучасным методыкам дыягностыкі, лячэння і дагляду за хворымі на сухоты. Больш сямі тысяч хворых праходзяць лячэнне сучаснымі супрацьсухотнымі прэпаратамі першага шэрагу – як у сістэме грамадзянскай аховы здароўя, так і сярод асуджаных, змешчаных у выпраўленчыя ўстановы краіны. У выніку рэалізацыі поўнамаштабнага праекту ў Беларусі будзе зніжаны ўзровень смяротнасці сярод хворых на сухоты і палепшаная якасць лячэння захворвання.

  Зніжэнне пагроз біяразнастайнасці ў мэтавых заказніках рэгіёна Беларускага Палесся з'яўляецца адной з важных задач праекту ПРААН і Глабальнага экалагічнага фонду (ГЭФ) «Стварэнне ўмоў для ўстойлівага функцыянавання сістэмы ахоўных водна-балотных угоддзяў у беларускім Палессі (падвышэнне эфектыўнасці іх кіравання і ўдасканаленне практыкі землекарыстання)». У 2010 годзе ў рамках праекту былі падрыхтаваныя пашпарты і ахоўныя абавязанні па перадачы пад ахову месцаў пасялення жывёл і раслін, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, у заказніках «Званец», «Спораўскі», «Сярэдняя Прыпяць» і «Простыр». Падчас рэалізацыі экатурыстычнага кампанента праекту на тэрыторыі заказнікаў былі рэканструяваныя і абсталяваныя 4 экалога-асветных цэнтры і абсталяваныя 5 экалагічных сцежак.

У 2011 годзе вялікая ўвага ў рамках праекту надавалася пытанням узнаўлення папуляцый рэдкіх і знікаючых відаў, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. У кастрычніку 2011 года на тэрыторыі заказніка «Сярэдняя Прыпяць» у Лунінецкім раёне адбылася акцыя па паўторным выпуску 700 асобін малявак сцерлядзі у раку Прыпяць. Сцерлядзь, рэдкі від асятровай рыбы, занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, нерастуе раз на два гады, а таму паўторнае зарыбленне дапаможа запусціць прыродны «канвеер» узнаўлення гэтай каштоўнай рыбы ў натуральных умовах. Першы выпуск сцерлядзі адбыўся год назад – у кастрычніку 2010-га, калі ў Прыпяць былі выпушчаныя 500 асобін.

Iншым праектам ПРААН/ГЭФ – «Рэнатуралізацыя і ўстойлівае кіраванне тарфянымі балотамі для перадухілення дэградацыі земляў, змяненняў клімату і забеспячэння захавання глабальна значнай біялагічнай разнастайнасці» – былі паўторна забалочаныя 15 выпрацаваных тарфянішчаў і парушаных балот агульнай плошчай 28 207,7 га. Практычная рэалізацыя праекту паказала, што паўторнае забалочванне з'яўляецца досыць эфектыўным метадам барацьбы з тарфянымі пажарамі, а таксама спрыяе ўзнаўленню месцапражыванняў балотнай флоры і фаўны. Вынікі паўторных маніторынгавых назіранняў адзначаюць узнаўленне балотнай расліннасці на 58-96 %, птушынай фаўны на 20-48 %. На паўторна забалочаных абшарах навукоўцамі адзначана з'яўленне такіх відаў птушак, якім пагражае глабальнае знікненне, як вялікі падворлік, балотны кулік, шэрая і белая чапля, чарацянка-барсучок.

  ПРААН працягвае падтрымліваць намаганні Беларусі па рэабілітацыі і забеспячэнні ўстойлівага развіцця раёнаў, пацярпелых у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. На працягу 2010 года ў рамках фінансаванага Еўрапейскай Камісіяй праекту «Тэрытарыяльна-арыентаванае развіццё рэгіёнаў, пацярпелых у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС» было рэалізавана 60 ініцыятыў мясцовага насельніцтва ў сферы аховы здароўя, энергаашчаджэння, спорту і бяспекі пражывання на забруджаных абшарах. Агульная сума фінансавання з боку ЕС і ПРААН склала больш за 948 тысяч даляраў ЗША. Супастаўная з гэтым сума была прыцягнутая з мясцовых крыніц, што дазволіла падвоіць дадатны эфект. Больш за 9 500 чалавек адчулі паляпшэнне жыцця ў сваіх раёнах.

Новая рэгіянальная праграма па развіцці Міжнароднай даследчай і інфармацыйнай сеткі па Чарнобылі з бюджэтам 2,5 мільёна даляраў ЗША накіраваная на забеспячэнне інфармацыйных патрэбаў людзей, якія жывуць у раёнах Беларусі, Расеі і Ўкраіны, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС. Асноўнай задачай гэтай трохгадовай праграмы з'яўляецца пераклад і адаптацыя апошняй навуковай інфармацыі аб наступствах Чарнобыля ў практычныя парады для мясцовых супольнасцяў. Праграма ўключае ў сябе распаўсюджванне інфармацыі праз сістэму адукацыі, трэнінгі для журналістаў, настаўнікаў і медычных работнікаў, а таксама стварэнне інфармацыйных цэнтраў з доступам да сеткі Інтэрнэт у пацярпелых сельскіх раёнах.

 

ПРААН у Беларусі...

 

Для друку
 
 Тэма (па-руску) 
Падрабязней......
Падрабязней......

 
 
 
Прадстаўнiцтва ААН у Беларусi
220050 г. Мiнск, вул. Кiрава 17; тел. +375 (17) 327 48 76
факс +375 (17) 226 03 40; e-mail